Карыстайцеся, або згубіце магчымасць: як працуе сэрвіс 115.бел у Гомелі і што ў ім трэба палепшыць

  • 11 февраля 2019, 19:23
  • 2275
  • 0


На дадзены момант у абласным цэнтры праз сэрвіс 115.бел было пададзена каля 2700 заявак, з якіх каля 1430 былі ў той або іншай ступені выкананыя. Пры гэтым за 2018 год каля 43% усіх заявак былі дасланыя пяццю найбольш актыўнымі карыстальнікамі сэрвіса ў горадзе. Адсочваць статыстыку функцыянавання сэрвіса ў горадзе над Сажом можна і праз адмысловы сэрвіс http://115.gosapi.by, які стварылі гарадскія актывісты.

З дапамогай найбольш актыўных карыстальнікаў партала мы падрыхтавалі агляд плюсаў і недахопаў у працы сэрвіса ў Гомелі.

Якія праблемы можна вырашыць праз 115.бел?

Тэарэтычна — цэлы шэраг розных турботаў, звязаных са станам гарадской інфраструктуры і паслуг ЖКГ. Але практыка карыстаня ім менавіта ў Гомелі паказвае, што пакуль што хутчэй за іншыя выконваюцца заяўкі, звязаныя з:

— вывазам смецця і прыборкай тэрыторый;

— асвятлення (ад просьбы ўкруціць лампачку ў пад’ездзе да асвятлення вуліц);

— праблемамі з ацяпленнем у халодны час года;

— праблемы з зануленнем на адным узроўні з тратуарам або праезджай часткай люкаў і інш.

Пастка статыстыкі

Але не варта слепа давяраць статыстыцы «вырашаных» праз сэрвіс праблем, з якім можна азнаёміцца ў інтэрнэце. Так амаль усе заяўкі, звязаныя з парушэннем размяшчэння рэкламных канструкцый у горадзе маюць статус «вырашана». Насамрэч за ім хаваецца надзвычай блытанае і ліберальнае заканадаўства, якое дзейнічае ў абласным цэнтры. На практыцы гэта азначае, што ўсталяванне амаль любых рэкламных стэндаў, вывесак, нават самых непрыгожых і зламаных будзе ў выніку адпавядаць прынятым у горадзе правілам. Відавочна, што гарадскім уладам неабходна прыгледзецца да гэтай праблемы, інакш горад рызыкуе і надалей засмечвацца візуальным смеццем. Магчымым выйсцем магло б быць і прыняцце адзінага дызайн-кода для ўсіх вывесак і рэкламных канструкцый, а таксама перагляд дзейснага заканадаўства.

Заяўкі па іншых праблемах чакае розны лёс. Некаторым ставяць статус «на кантролі», бо яны вымагаюць доўгага часу для вырашэння, іншыя пачынаюць «завісаць» праз бюракратыю. Так частымі бываюць выпадкі своеасаблівага «пінг-понга», калі адказныя за вырашэнне праблемы камунальныя службы тыднямі высвятляюць хто з іх мае займацца заяўкай.

Па некаторых заяўках прыходзяць адпіскі або кульгае іх выкананне. Часам для не самых складаных у вырашэнні праблем ставяцца крайнія даты іх вырашэння ажна да сярэдзіны вясны ці нават лета. З гэтай нагоды гомельскія карыстальнікі сэрвіса ўжо жартуюць, што 1 красавіка гэтага года мы прачнемся ў зусім іншым горадзе, у якім разам адразу вырашыцца вялікая колькасць праблем.

Часта ў сваё апраўданне камунальныя службы пішуць аб адсутнасці ў гарадскім бюджэце сродкаў на вырашэнне тых або іншых праблем. Але гэта выкрывае праблему непразрыстасці фармавання нашага бюджэту і выпадкі вельмі сумніўнага выкарыстання фінансавых сродкаў.

На замену якаснай пліткі на новую ў цэнтры горада, паліў раслін усярэдзіне лістапада і закупку вельмі дарагіх ялінак, якія часта могуць сабе дазволіць толькі буйныя гандлёвыя цэнтры ў бюджэце горада сродкі ёсць...

Праблемы і недахопы

Своеасаблівы ТОП праблем, якія хвалююць гараджан і вельмі марудна вырашаюцца ў нашым горадзе узначальваюць:

— праблемы азелянення горада і неабходнасць пасадкі новых дрэваў ці раслін;

Часам праблему высадкі новых дрэў вырашаюць проста ліквідуючы нават тыя лункі, дзе яны раней раслі.

— недасяжнасць гарадской інфраструктуры для маламабільных груп гараджан (адсутнасць пандусаў, высокія бардзюры і т.п.);ФОТА: Бардзюры

— неабходнасць ямачнага рамонта праезджай частцы, тратуарах а таксама іншыя праблемы.

Заяўкі па кінутых іх уладальнікамі аўтамабілях, што прыходзяць у няспраўны стан (яны пакрываюцца іржой, у іх спускаюцца шыны, разбітыя фары ці шыбы і інш.) не выконваюцца месяцамі. Паводле заканадаўства сапраўды неабходны пэўны час, каб высветліць асобу ўладальніка такога транспартнага сродка, інфармаванне яго і час на добраахвотнае выпраўленне праблемы. Але на справе заяўкі праз сэрвіс 115.бел у Гомелі у гэтым выпадку не выконваюцца больш за 3 месяцы.

Дарэчы на дадзены момант у сэрвісе наогул адсутнічае магчымасць аператыўна паведаміць аб аўтаўладальніках, якія пакідюць свае аўтамабілі ў забароненых для гэтага месцах — на тратуарах, зялёных зонах, пешаходных пераходах і іншых месцах. Вырашыць жа гэтую праблему можна альбо праз асабісты зварот у ДАІ (можна і ў электроннай форме) альбо паспрабаваць даслаць інфармацыю аб парушальніках праз новы бот у Тэлеграме, пра які паспела напісаць хвалебны водгук нават газета «СБ. Беларусь сегодня» https://www.sb.by/articles/evakuator-v-karmane.html

Рэклама наркотыкаў, якая вісіць тыднямі

Істотнай праблемай для нашага горада ў апошнія месяцы стала рэклама наркотыкаў і працы на распаўсюднікаў забароненых рэчываў у выглядзе графіці на сценах будынкаў і прыпынках грамадскага транспарту.

Спробы аператыўна вырашаць гэтую праблему праз заяўкі на 115.бел разбіваюцца аб маруднасць разгляду і выканання заявак. У выніку рэклама застаецца вісець днямі і нават тыднямі, хоць у гэтай справе важная кожная гадзіна. Не ўсведамляе каштоўнасць такога аператыўнага спосаба інфармавання аб падобных парушэннях пакуль што і УУС горада, каторае магло б выкарыстоўваць дадзеныя сэрвіса.

часам рэклама наркотыкаў і працы на наркагандляроў можа знаходзіцца нават каля будынкаў нашых адміністрацый

Прыбраць снег? Пачакаем, пакуль сам растане

Кульгаюць і спробы аператыўна прыбраць снег з дапамогаю сэрвіса. Заяўкі нават па самых вялікіх завалах і кучах будуць у большасці выпадкаў апрацоўваць тыднямі. Пасля гэтага могуць спаслацца яшчэ і на недахоп фінансавання.

Хаця па назіраннях гарадскіх актывістаў для вырашэння праблем з прыборкай снега трэба ў першую чаргу змяніць некаторыя прыярытэты:

— прыбіраць снежныя завалы і не дапускаць стварэнне вялікіх снежных сумётаў на прыпынках грамадскага транспарта;

— ліквідаваць сумёты каля пешаходных пераходаў і прыбіраць тэрыторыю каля іх, паколькі пры плюсавых тэмпературах гэта стварае вялізныя лужыны і слоту, якая ўскладняе пераход праз вуліцу;

— прыбіраць усе снежныя сумёты ўздоўж вуліц цэнтра горада. З часам яны збіраюць смецце, бруд, пясок, солі з тратуараў і ўтвараюць вялізныя і непрывабныя кучкі, якія псуюць знешні від нашага горада;

— аператыўна рэагаваць на заяўкі ў 115.бел па гэтай праблеме.

Хапае і праблемаў, якія маюць больш комплексны характар. Напрыклад тое, што ў нас дагэтуль уся вада з дахаў праз вадасцёкавыя трубы трапляе наўпрост на тратуары. У выніку ў цёплае надвор’е ў дождж нашыя ходнікі залівае вялікай колькасцю ручайкоў і лужын, а ўзімку ўтвараецца лёд, па якім небяспечна і нязручна хадзіць. Пры гэтым у іншых краінах у падобных выпадках перамены пачынаюць з таго, што трубы злучаюць з каналізацыяй. Відавочна, што нашым гарадам трэба таксама рухацца ў гэтым кірунку.

Зрэшты некаторых недарэчнасцяў можна было б пазбегнуць на этапе планавання. Але ў выніку нават каля ўпраўлення архітэктуры Гомеля не змаглі нармалёва спраектаваць адвод вады на вуліцу і ў выніку ўсё трапляе ў глебу, размывае яе і трапляе на дарогу. Што ўжо казаць пра іншыя падобныя досыць красамоўныя выпадкі.

Гараджанам ёсць што прапанаваць

Сярод прапаноў і заўваг па паляпшэнні сэрвіса, якія адзначылі эксперты і ўдзельнікі «Гарадскога схода ГДФ», прысвечанага развіццю 115.бел у Гомлі можна адзначыць:

— стварэнне даведніка, у якім бы тлумачыліся некаторыя асаблівасці заканадаўства ў сферы ЖКГ а таксама расшыфроўваліся абрэвіятуры некаторых камунальных прадпрыемстваў. Часам зразумець якая менавіта арганізацыя займаецца вашай праблемай каб нешта ўдакладніць бывае досыць няпроста;

— стварэнне раздзела «Частыя пытанні» па фукнцыянаванні і працы з сэрвісам;

— рэклама сэрвіса на бігбордах горада а таксама ў СМІ (газеты, радыё, тэлебачанне);

— у зімовы перыяд — паскорыць выкананне заявак, звязаных з прыборкай снега;

— узмацніць кантроль і хуткасць выканання заявак, звязаных з размяшчэннем рэкламы наркотыкаў на фасадах дамоў, канструкцыях прыпынкаў і т.п.;

— правесці сустрэчу з найбольш актыўнымі карыстальнікамі сэрвіса, якія маглі б прапанаваць свае заўвагі.

У астатнім даводзіцца канстатаваць, што справа выпраўлення некаторых хібаў сэрвіса 115.бел у Гомелі — справа не аднаго дня. І хоць з яго дапамогай і атрымліваецца лягчэй інфармаваць гарадскія ўлады аб існых праблемах і паляпшаць наш горад, яго функцыянаванне цалкам залежыць і ад удзелу саміх гараджан. Таму застаецца актуальнай англійская прымаўка «use it or loose it!» («карыстайцеся, або згубіце магчымасць!»). 

Подпишись на Я.Н

Яўген Меркіс, gomel-experts.org
Мы создали канал в Телеграме для того, чтобы быстро рассказывать вам новости → https://t.me/gomeltoday

Места: Гомель (25334)

Метки: Общество (34221), Гражданское общество (2098)

Комментарии правила




Загрузка...

Самое обсуждаемое



Новое в блогах


Самое читаемое





Новости партнеров

Загрузка...

Новости партнеров



Новости партнеров

Загрузка...