«Усходні абход» у Гомелі: вырашэнне транспартных праблем ці шлях у нікуды? — фота

  • 04 декабря 2018, 11:51
  • 5893
  • 0


Напрыканцы кастрычніка ў Міністэрства транспарту Рэспублікі Беларусь і гомельскі гарвыканкам была накіравана петыцыя, у якой неабыякавыя жыхары абласнога цэнтра прасілі хутчэй скончыць будаўніцтва т.зв. «Усходняга абхода». Нягледзячы на тое, што каля 2700 чалавек пакінулі свой подпіс пад петыцыяй, у праекта дагэтуль застаецца і шмат праціўнікаў, якія адзначаюць шматлікія недахопы, якія прынясе гораду яго рэалізацыя. Паспрабуем разабрацца з пытаннямі і рызыкамі, якія нясе ў сабе сканчэнне ўзвядзення Усходняга абхода.

Нерэалізаваныя альтэрнатывы і касмічная рэальнасць

Над вырашэннем транспартных пытанняў Гомеля задумваліся яшчэ ў савецкія часы. З разлікам на перспектыву мясцовыя архітэктары ўжо тады закладвалі ў сваіх планах будаўніцтва ва ўсходняй частцы горада новай транспартнай магістралі, што злучыць паўночны і ўсходні кірункі.

На адным з планаў бачныя нават два варыянты гэтай дарогі.


Першы прадугледжваў будаўніцтва злучальнай трасы бліжэй да цэнтра горада і быў узяты за аснову сённяшняга Усходняга абхода з мастом праз Сож у раёне т.зв. Валодзькінага возера і выхаду на Цэнтральную вуліцу ў пас. Перамога.

Другі варыянт прадугледжваў пашырэнне і падаўжэнне сучаснай вуліцы Алімпійскай, працяг трасы на Плёсы, будаўніцтва маста праз Сож і ўжо праз пасёлкі Ільіч, сучасны мікрараён Чырвоны Маяк яна мусіла выйсці на Улукаўе.

Існавала і ідэя падоўжэння вул. Галавацкага каля царквы св. Мікалая з будаўніцтвам маста праз Сож, перакрыжаваннем з вул. Луначарскага і выхадам шашы на пас. Перамога.


Пры разглядзе старых планаў лёгка завіраваць у развагах аб тым, які з варыянтаў размяшчэння аб’яздной дарогі быў бы лепей. Але ўсім прыхільнікам альтэрнатыўных маршрутаў ці наогул праціўнікам будаўніцтва «Усходняга абходу» варта памятаць, што ўзвядзенне аб’екта ўжо пачалі і па розных звестках на папярэднія працы сыйшло ад 8 да 12 мільёнаў даляраў.

Так былі расчышчаны тэрыторыі для транспартнай магістралі, створаны шматмятровыя насыпы з пяску, закладзены фундамент берагавой апоры для маста праз Сож. Вынік гэтых прац нават можна назіраць з космасу праз здымкі ў Google Maps ці Яндэкс.Мапах.


Калі ўсё так адназначна і «Усходні абход» — адзінае выйсці з існых транспартных і лагістычных праблем, то што бянтэжыць гомельцаў у гэтым праекце?

Пытанні і блытаны генплан

Паводле планаў новая аб’яздная дарога пачнецца 400-метровым мастом праз Сож, пройдзе каля т.зв. Валодзькінага возера, Вяслярнага канала, перасячэ вул. Луначарскага і выйдзе на пас. Перамога. Аматары адпачынку ў зарэчнай частцы гомельскага парку хвалююцца, што новая шаша разрэжа гэтую частку і ўскладніць доступ да пляжа на «заліве».


Выказваюцца засцярогі, што побач з новай дарогай хутка пачнуць узнікаць і разнастайныя аб’екты прыдарожнага сэрвіса, жылыя дамы, а кавалкі пляжа стануць платнымі або будуць аддадзеныя пад іншыя патрэбы.

Такую занепакоенасць падаграе і абмежаванасць у інфармацыі. Так з асноўнымі рэгламентамі і палажэннямі гомельскага генплана азнаёміцца ў вольным доступе немагчыма. Даступныя для агляду мапы генплана пакідаюць сумневы датычна таго, як будзе выкарыстоўвацца частка земляў каля «Усходняга абхода» ў будучыні.

Генплан 2003 г.

Генплан 2016 г.

Каля пасёлка Перамога ў межах рысы горада запланавана і знішчэнне прылеглага да «Усходняга абхода» кавалка леса на карысць пабудовы новых дамоў. 


Але ж самае вялікае пытанне ў абаронцаў прыроды выклікае той факт, што асноўная дарога, якая злучыць Навабеліцу з «Усходнім абходам» пройдзе наўпрост праз заказнік мясцовага значэння «Мнемазіна» або «Чорны Апалон».


Сваё найменне ён атрымаў у гонар рэдкага віда матыля, які занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і мае ІІІ катэгорыю аховы. Дадзены від знаходзіцца пад прамой пагрозай знікнення, але ў сілу сваіх марфа-/фізіялагічных і/альбо асаблівасцяў у паводзінах з’яўляюцца вельмі ўразлівымі нават да нязначных зменаў навакольнага асяроддзя.


Пры гэтым на тэрыторыі заказніка афіцыйна забараняецца правядзенне меліяратыўных або любых іншых прац, што прывядуць да змены ландшафта, правядзенне вырубкі леса і інш.


Зразумець занепакоенасць падобнымі горадабудаўнічымі планамі магчыма, але ж адкуль яны бяруцца?

Мінскі след гомельскага генплана

У новым генеральным плане Гомеля, прынятым у 2016 г. хапае дзіўных рашэнняў і з’яваў, што выклікаюць адно пытанні. Пры спробах удакладніць інфармацыю ў аддзеле архітэктуры гомельскага гарвыканкама адмыслоўцы шчыра прызнаюцца, што дакумент распрацоўвалі ў «Белнііпгорадабудаўніцтва» ў Мінску і яны да яго мелі толькі ўскоснае дачыненне. У выпадку «Ўсходняга абхода» гэта лёгка заўважыць і ў выпадку часткі дарогі, што пройдзе каля пас. Перамога. Так для яе будаўніцтва давядзецца знесці ладную частку будынкаў 2335-й базы захоўвання медыцынскай тэхнікі і маёмасці ўзброеных сілаў РБ і палявы вучэбны цэнтр БелДУТа. А замест аднаго маста праз чыгунку цяпер, чамусьці, вырашана будаваць яшчэ і наземны пераезд у гэтым месцы, хаця яшчэ на генплане 2003 г. ўсё выглядала інакш.


Адказы на ўсе пытанні — толькі на мапе генплана

Сур’ёзна ўскладняе спробы разабрацца ў будучыні будаўніцтва «Ўсходняга абхода» ў Гомелі, а таксама цэлага шэрагу іншых праектаў адсутнасць у вольным доступе асноўных палажэнняў і рэгламентаў генеральнага плана Гомеля.

Пры гэтым дадзены дакумент не з’яўляецца сакрэтным і не носіць статус дакумента для службовага карыстання. Так жыхары Мінска маюць вольны доступ да тэкставай часткі ўласнага генплана.

У адпаведнасці з указам Прэзідэнта РБ № 334 ад 2016/09/05 г. «Аб зацвярджэнні Асноўных напрамкаў дзяржаўнай горадабудаўнічай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады» інфармацыйнае забеспячэнне горадабудаўнічай палітыкі, сярод іншага, прадугледжвае «ўдасканаленне інфармацыйнага забеспячэння горадабудаўнічай дзейнасці ў мэтах пашырэння дасведчанасці насельніцтва аб планаваных зменах асяроддзя жыццядзейнасці, павышэння абгрунтаванасці праектных рашэнняў, эфектыўнасці іх рэалізацыі і без уліку думкі насельніцтва».

Без ведання асноўных рэгламентаў і палажэнняў гомельскім актывістам і неабыякавым гараджанам даводзіцца аматарскім шляхам вывучаць даступную на сайце гарвыканкама мапу генплана і рабіць вывады самастойна.


Такі падыход з боку гарадскога кіраўніцтва не спрыяе даверу да органаў улады і нараджае шматлікія канфлікты. Гомельская ўрбаністычная ініцыятыва «Smart Homel» стварыла з гэтай нагоды петыцыю, якая заклікае апублікаваць асноўныя палажэнні і рэгламенты генеральнага плана Гомеля. Але ці здолеюць стваральнікі дамагчыся свайго пакажа толькі час.

Усходні абход як універсальнае вырашэнне транспартных праблем горада

Гомельскія архітэктары і чыноўнікі відавочна разумеюць, што збудаваць «Усходні абход» хутка не атрымаецца. З гэтай прычыны ў генплан закладзена стварэнне адразу некалькіх дадатковых дарог, што здолеюць палегчыць злучэнне Навабеліцы і паўночных раёнаў горада.

Так запланавана злучэнне з «Усходнім абходам» вуліцы Свярдлова і Паркавай. Каля навабеліцкага вакзала для гэтай дарогі пабудуюць пуцеправод з выхадам на вуліцу Войкава, якую ў сваю чаргу працягнуць за трэніровачным стадыёнам ФК «Гомель» і навабеліцкімі вазёрамі на вул. Зайцава.



Ці варта жыхарам гэтых вуліц ужо зараз хвалявацца за свае дамы, якія могуць пайсці пад знос пры пашырэнні гэтай дарогі пакуль што невядома. Гэта ў чарговы раз даказвае як неабходнасць вольнага доступа да тэкставай часткі генплана, так і вартасць удзелу ў грамадскіх абмеркаваннях горадабудаўнічых рашэнняў.

Другім рашэннем для разгрузкі навабеліцкага кірунка стане запланаваная рэканструкцыя старага пуцепровада каля мясакамбіната і працяг гэтай дарогі паралельна вул. 2-я Луначарскага да «Ўсходняга абхода».



Улічваючы колькасць аварыйных мастоў у вобласці і неабходнасць вялікіх фінансавых затрат рэалізацыя гэтых варыянтаў таксама адкладзена да лепшага часу.

Але пры гэтым важна разумець, што будаўніцтва «Ўсходняга абхода» — не ўніверсальны ключык для вырашэння транспартных праблем у горадзе. У гэтай галіне відавочна неабходны ўніверсальны падыход:

1) Змены ў прыярытэтах транспартнай мабільнасці ў горадзе. Піраміда асноўных груп мабільнасці мае на першае месца ў цэнтры горада ставіць пешаходаў, маламабільныя групы грамадзян, раварыстаў і грамадскі транспарт.


2) Стварэнне сістэмы платных парковак. На дадзены момант у горадзе створаны спрыяльныя ўмовы толькі для аўтамабілістаў — большасць інвестыцый скіравана на падвышэнне перасоўвання па горадзе на ўласным аўто. Да таго ж бясплатныя парковачныя месцы спрыяюць безадказнаму карыстанню прыватных сродкаў перасоўвання. Вялізныя грошы, якія йдуць на стварэнне новых парковачных месцаў усё адно ніколі не задаволяць усё узрастаючы попыт.

3) Граматнае размяшчэнне светлафораў і стварэнне «зялёных хваляў». Сярод нашых чыноўнікаў дагэтуль пануе ўяўленне аб светлафорах як сродках, якія спыняюць перасоўванне транспарта па горадзе. У той жа час правільная наладка таймера іх функцыянавання і размяшчэнне здольныя раўнамерна размяркоўваць транспартныя плыні ў горадзе і пазбягаць вялікіх коркаў.

4) Сканчэнне будаўніцтва чаканых дарог. Так ужо шмат год не мае працягу будаўніцтва вул. Жукава з выхадам на вул. Багдана Хмяльніцкага. Жыхары Шведскай горкі не могуць дачакацца працягу вул. Пенязькова і трапляюць у свой раён штодня выключна праз вул. Карбышава. Аўтамабілісты ўжо дзесяцігоддзі чакаюць злучэння вул. Лепяшынскага і вул. Ефрэмава. Падобных прыкладаў хапае па ўсім горадзе і яны здольныя істотна палепшыць размеркаванне транспартных плыняў і разгрузіць гістарычны цэнтр.



5) Стымуляваць даследаванні транспартнай мабільнасці ў горадзе. У горадзе дзейнічае адразу некалькі тэхнічных ВНУ, адна з якіх нават спецыялізуецца на развіцці транспарта (БелДУТ; універсітэт імя Сухога). У горадзе існуе і шэраг праектных бюро з адмыслоўцамі, якія таксама могуць займацца даследаваннямі магчымых шляхоў вырашэння транспартных праблем Гомеля. Усё залежыць толькі ад волі і жадання кіраўніцтва горада...

Грамадская актыўнасць як выратаванне

Відавочна, што лакальныя вырашэнні агульную карціну не палепшаць, таму праблемы трэба вырашаць комплексна. Але ж што ў гэтым выпадку могуць зрабіць гараджане?

Правільны адказ на гэта — актыўная грамадская пазіцыя, удзел у грамадскіх абмеркаваннях, валанцёрства ў ініцыятывах, што спрыяюць зменам у горадзе.

Калі гомельскія ўлады задумалі на пачатку 2010-х гг. пашырыць галоўную вуліцу ў пас. Перамога, каб такім чынам вырашыць праблему адсутнасці сродкаў на сканчэнне будаўніцтва «Ўсходняга абхода», то мясцовыя жыхары згуртаваліся і адстаялі свае правы.



У выніку ў новым генплане ад гэтай ідэі цалкам адмовіліся і дарога пройдзе побач з пасёлкам без руйнавання хат яго насельнікаў.

Ці здолеюць гомельцы абараніць сваё права на камфортны і разумны горад залежыць цяпер толькі ад іх саміх. Галоўнае — імкнуцца вырашаць праблемы комплексна, не спадзявацца на адзіныя верныя рашэнні і гуртавацца пры адстойванні сваіх інтарэсаў. Тады і ад будаўніцтва «Ўсходняга абхода» выйграюць усе.

Абмеркаваць будаўніцтва аўтамагістралі «Ўсходняга абхода», а таксама правядзенне грамадскіх кампаній можна на Гарадскім сходзе ГДФ. На мерапрыемства прыязджае мінскі блогер і актывіст Антон Матолька з аглядам лепшых рашэнняў гарадскіх праблем. Арганізатары запрашаюць усіх зацікаўленых 8 снежня ў 16.30 у офіс ТБМ (вул. Працоўная, д. 7а, 2 паверх). Уваход бясплатны. Рэгістрацыя па спасылцы: http://bit.ly/2UfUGK2




Яўген Меркіс, gomel.today
Мы создали канал в Телеграме для того, чтобы быстро рассказывать вам новости → https://t.me/gomeltoday

Места: Гомель (24323)

Метки: Гражданское общество (2043), Главное (6612)

Комментарии правила




Загрузка...

Новости партнеров

Загрузка...


Новое в блогах


Самое читаемое



Новости партнеров

Загрузка...


Новости партнеров