Зварот навукоўцаў-ветэранаў: Давайце ўсёй грамадой зробім 2019 год Годам Беларускай Мовы!

  • 29 декабря 2018, 14:54
  • 1452
  • 0


Адкрыты ліст падпісалі 89-гадовы доктар гістарычных навук Леанід Лыч і 84-гадовы кандыдат эканамічных навук Мікола Савіцкі.

Лічаныя дні застаюцца да пачатку 2019 года. На нашыя звароты на працягу 2018 года да ўладаў абвясціць 2019 год Годам беларускай мовы не атрымана згода, што сведчыць пра іх абыякавае стаўленне да нашага неацэннага нацыянальнага скарбу. Мы просім цябе, дарагі беларускі народ, самому ўзяць гэтую высокародную, выратавальную ініцыятыву ў свае рукі і правесці ўвесь 2019 год пад дэвізам Года беларускай мовы, каб затармазіць навязаны нам уласнай дзяржавай пагібельны працэс русіфікацыі.

Хаця ў абсалютнай сваёй бальшыні беларусы правільна ўяўляюць гістарычнае значэнне сваёй роднай мовы ў іх лёсе, ведаюць, што трэба кожнаму і ўсім рабіць, абвясціўшы 2019 год Годам беларускай мовы, мы дазволім сабе некалькі паразважаць над гэтымі няпростымі пытаннямі.

У свеце прынята лічыць і зусім слушна, што людзі, якія па розных прычынах выракліся, не карыстаюцца роднай мовай сваёй зямлі — гэта ўжо не народ, не нацыя. Мы ж не будзем такімі суровымі суддзямі ў вызначэнні назвы для адрынутых ад матчынай мовы беларусаў, добра ведаючы, якую конскую дозу русіфікацыі яны не па сваёй волі глынулі за царскім і савецкім часамі, і што за гады функцыянавання ў Рэспубліцы Беларусь прэзідэнцкай сістэмы кіравання гэтая доза набыла нечуваныя раней памеры. І калі сёння толькі адзін з пяці беларусаў актыўна ўжывае родную мову, самыя ганебныя азначэнні можна ўжыць у дачыненні да тых, хто і сёння займаецца русіфікацыяй беларусаў.

Давайце ганарыцца тымі, хто некалі жыў і сёння жыве з беларускай мовай у сэрцы і робіць так, каб колькасна раслі шэрагі такіх сапраўдных нацыянальных патрыётаў Бацькаўшчыны. Уступіць жа ў шэрагі такіх ганаровых людзей досыць проста: без каманды зверху пачынаць пакрысе далучаць сябе з першых дзён 2019 года да беларускага слова.

Вельмі пажадана, каб такое правіла прынялі для сябе ўсе члены сям’і, пачынаючы і ад таго, хто толькі вучыцца размаўляць. Вялікую карысць дасць, калі вы аформіце падпіску на адно з беларускамоўных перыядычных выданняў, пачнеце набываць беларускамоўныя кніжкі. Старайцеся па-беларуску запаўняць усе бланкі на адрас афіцыйных устаноў і арганізацый, афармляйце звароты да іх на беларускай мове.

Гэта толькі мінімум рэкамендацый па ўваходжанні ў родную мову для тых, хто пакуль жыве па-за ёю. Дадаць штосьці да іх ёсць магчымасць у кожнага. Гісторыі вядома нават і такое: калі ў залаты час чэшскага адраджэння, выратавання ад нямецкай асіміляцыі хтосьці да чэха звяртаўся па-нямецку, ён на гэта рэагаваў звычайным маўчаннем. Такога прыёму мы не раім запазычваць, лепш застанёмся максімальна спагадлівымі да ўсіх, хто па розных прычынах (а іх процьма) апынуўся па-за родным словам знявечанай дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкай беларускай зямлі. У нашым нацыянальным адраджэнні ласкай, спагадай да моўна пакалечаных беларусаў больш дасягнеш, чым з дапамогай прымусу, гвалту.

У працяг нашай гаворкі дададзім і наступнае:

а) ва Ўсебеларускі год роднай мовы хадзіце ў тыя святыні, дзе набажэнства вядзецца па-беларуску;

б) усяляк садзейнічайце сваім дзецям дашкольнага і школьнага ўзросту па далучэнні іх да актыўнага ўдзелу ў мерапрыемствах нацыянальна-беларускага характару, настойліва дамагайцеся адкрыцця ў чарговым 2019/20 навучальным годзе беларускамоўных груп, класаў;

в) як і ва ўсе папярэднія гады, нам і ў 2019 годзе давядзецца правесці ў замагільны свет нямала людзей. Рабіце надпісы на помніках па-беларуску;

г) адзін аднаму пішыце лісты, паштоўкі па-беларуску. Такім чынам стаўцеся да беларускай мовы, калі Вы прымаеце ўдзел у юбілейных мерапрыемствах, святах.

Калі ўсё прапанаванае Вам і яшчэ штосьці ў дадатак да яго будзе ў масавым маштабе здзяйсняцца, прыносіць вялікую радасць, тады нішто не перашкодзіць нам, каб цэлыя дзесяцігоддзі, усё нашае далейшае жыццё на злосць унутраным і знадворным нядобразычліўцам беларускасці праходзіла пад знакам роднай Беларускай Мовы.

Просім цвёрда запомніць: яшчэ ніводнаму народу не ўдалося захаваць сябе як самабытную этнічную супольнасць, страціўшы родную мову. Без яе такі народ служыць пажывай для таго народа, чыёй мовай ён стаў карыстацца. Шматлікія прыклады такой трагічнай этнічнай пагібелі знаходзім мы на неабсяжнай тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. За апошнія сто гадоў яе існавання тут звяліся дзясяткі самабытных, з адметнымі культурай і мовамі народаў. І гэты смяротны працэс, на вялікую бяду, працягваецца і па сёння. Давайце зробім усё, каб нам не стаць такой ахвярай

Працягнуць нашу размову прапануем з уважлівага прачытання і асэнсавання правераныя часам і прынятыя агульным чалавечым розумам выказванні мысліцеляў па архіважнай для беларускага народа праблеме.

Когда исчезнет народный язык, народа нет более ... Пока жив язык народный в устах народа, до тех пор жив и народ.

(рускі педагог Канстанцін Ушынскі, 1824 — 1870)

Там, где каждый владеет двумя языками, всегда в конце концов общее предпочтение по тем или иным причинам будет отдано одному из них ... нация исчезнет не из-за вымирания и не из-за прекращения ее культурной общности, а просто потому, что она перестает говорить на своем языке.

(тэарэтык у галіне нацыянальнага пытання Карл Каўцкі (1854 — 1938).

Введение второго государственного языка угрожает национальной безопасности, самобытности, унитарности государства, интегрирующей роли языка и культуры (коренного народа) и не в последнюю очередь, основным экономическим правам человека.

(прафесар Македонскага ўніверсітэта Чэда Цветаноўскі).

Когда мы разучимся говорить на белорусском языке, мы перестанем быть нацией.

(Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка).

Да гэтай цытаты просіцца пытанне: "А чаму ж Вы, шаноўны Прэзідэнт, прылюдна не карыстаецеся беларускай мовай?

Сусветная гісторыя цывілізацый зафіксавала сотні народаў (этнасаў), якія зніклі, адышлі ў нябыт. Блізкі для нас беларусаў прыклад. Існавала калісьці вялікая славянская нацыя прусы на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Вядома ж, была ў іх і свая родная мова. Калі ж зніклі прусы як самабытны народ? Гэта адбылося пасля таго, як крыжак забіў у Кёнігсбергу (сучасным Калінінградзе) апошняга пруса, які размаўляў на сваёй роднай мове.

Няма жывога носьбіта мовы — няма і самабытнага народа.

У суквецці народаў свету кожны народ можа жыць толькі ў сваёй Богам (гісторыяй) дараванай яму роднай мове. Мёртвыя адышлі ў нязведаную вечнасць, а жывыя раствараюцца ў асяроддзі іншых народаў, звычайна ў заваёўніках, акупантах. Інтэлект, талент тых, хто застаўся ў жывых, працуюць ужо толькі на развіццё культур заваёўнікаў. Такія горкія рэаліі жыцця народаў, адарваных ад родных культурна-моўных традыцый.

У бясконцым гістарычным часе беларуская мова зведала багата спроб яе знішчэння. Дабіваліся гэтага ўлады Рэчы Паспалітай, Расійскай Імперыі, СССР. На шчасце і гонар для кожнага беларуса, іх мова і ў самыя цяжкія перыяды сваёй гісторыі працягвала жыць у маўленні людзей, фальклоры і літаратурных творах.

Мова ёсць культурнай скарбонкай кожнага народа, самай надзейнай ахоўніцай яго. Таму для знішчэння паняволенага народу заваёўнікі заўсёды ставілі мэтай ствараць умовы для немагчымасці яго існавання ў роднамоўным асяроддзі. Такое мы і сёння назіраем на планеце Зямля. Сучасныя сродкі масавай інфармацыі (тэлебачанне, радыё, інтэрнэт і інш) у руках русіфікатараў-асімілятараў дазваляюць гэта рабіць імгненна ў самыя кароткія тэрміны і надзвычай эфектыўна.

Мёртвыя мовы толькі напамінаюць сучаснікам пра народы, якіх сёння няма, бо ў свой час у іх не было магчымасці развівацца ў сваёй роднай мове. Зараз такой магчымасці практычна і мы цалкам пазбаўлены. Сягонняшні стан беларускай мовы ніколькі не адпавядае ўніверсальнаму статуснаму становішчу беларускай нацыі ў сваёй краіне, самой назве дзяржавы Рэспубліка Беларусь з прычыны татальнай русіфікацыі. З гэтай бядой трэба рашуча змагацца нам усёй Грамадой!

Міжнародная арганізацыя ЮНЭСКА колькі гадоў таму не без падстаў ўнесла беларускую мову ў чырвоны спіс моваў, якім пагражае выміранне. Для любога народа гэта ў найвышэйшай ступені ганебны факт. Аднак ніхто з нашага высокага дзяржаўнага кіраўніцтва не выказаўся па гэтай балючай праблеме, А як вядома, маўчанне ёсць згода.

Трагедыя!

Народ Беларусі! Ласкава запрашаем цябе да актыўнага ўдзелу ў дыскусіі па гэтай праблеме на ўсіх узроўнях нашага грамадскага жыцця. Мо тады і прэзідэнт з усёй сваёй вертыкаллю прыслухаецца да голасу народа. Не даруюць нам нашчадкі, калі будзем маўчаць, бяздзейнічаць.

Давай, шаноўны народзе, усёй Грамадой правядзём 2019 год пад дэвізам Года Беларускай Мовы. Беларусь — не Расія! Жыцьме Беларусь!

Подпишись на Я.Н

Леанід Лыч, Мікола Савіцкі, Наша Нiва
Мы создали канал в Телеграме для того, чтобы быстро рассказывать вам новости → https://t.me/gomeltoday
Комментарии правила




Загрузка...

Самое обсуждаемое



Новое в блогах


Самое читаемое





Новости партнеров

Загрузка...

Новости партнеров



Новости партнеров

Загрузка...