KSK 18/09 - 24/09:

It’s democracy, stupid! Як адсутнасць палітычных свабодаў спараджае беднасць

  • 14 июля 2017, 14:30
  • 1043
  • 0



Нядаўна Беларусь вырашылі зрабіць IT-краінай. Але для сапраўды прарыўнога эканамічнага росту ўсёй краіны, а не толькі аднаго сектара, Беларусі перадусім трэба стаць дэмакратыяй.

Ужо амаль усім відавочна, што беларуская эканоміка не выжыве без рэформаў, хоць яшчэ ў 2000-ых яе можна было параўнаць з гаспадаркамі Літвы, Славакіі і нават Чэхіі, якія сталі чальцамі Еўрасаюза. На радасцях улады тады прыдумалі «беларускую мадэль» і тлумачылі яе поспех дальнабачнымі рашэннямі аўтарытарнага лідара.

Сённяшні ж правал улады тлумачаць нейкімі іншымі прычынамі, але так ці інакш яны будуць вымушаныя праводзіць змены. Бо памер расійскай падтрымкі зменшыўся, а рэжым ужо не выконвае сваёй часткі дамовы з грамадствам — «зарплаты ў абмен на маўчанне».

І рэжыму можа падацца, што для эканамічных рэформ не патрэбныя палітычныя свабоды.

Аднапартыйны Кітай, аўтарытарныя Малайзія і Сінгапур ужо сталі хрэстаматыйнымі прыкладамі мадэрнізацыі «жалезнай рукой». Але яе прыхільнікі забываюць, што такія змены звычайна завяршаюцца пераходам да дэмакратыі. Так было ў Чылі, Паўднёвай Карэі, на Тайвані. Кітайская гаспадарка, у сваю чаргу, пачала расці адносна нядаўна: сярэдні клас яшчэ невялікі і залежны ад партыі, таму і не патрабуе дэмакратыі. А ў кіроўных рэжымах Малайзіі і Сінгапура жорстка спрачаюцца палітычныя фракцыі. Сапраўды развітой эканоміцы патрэбная палітычная канкурэнцыя: без яе ўстойлівы рост немагчымы.

Рэформы і дэмакратыя: адмаўляцца занадта дорага

Пасля эканамічнага краху тыповы аўтарытарны рэжым узмацняе ідэалогію і рэпрэсіі. У Беларусі, напрыклад, арыштоўваюць сотні пратэстоўцаў, а рынкавымі рэформамі палохаюць: яны падзеляць грамадства на багатых і бедных, знікнуць бясплатныя медыцына і адукацыя, пачнецца масавая эміграцыя. Аднак паводле гэтых паказнікаў стабільная Беларусь ужо прайграла ў параўнанні з тымі краінамі, якія змяніліся эканамічна і палітычна.

Напрыклад, у 2013-ым у Польшчы і Чэхіі багатыя мелі менш улады, чым у Беларусі, пры тым, што карупцыя ў гэтых краінах была таксама значна ніжэйшай. Даступнымі для ўсіх ва ўсходніх краінах Еўрасаюза засталіся і медыцына з адукацыяй. Нарэшце, з квітнеючай Беларусі чамусьці з’язджалі: у 2013-м на заробках у Расіі і ЕС маглі знаходзіцца каля паўмільёна беларусаў. Хаця афіцыйная статыстыка, вядома ж, рапартавала аб павелічэнні беларускага насельніцтва.

Пасля пераходу да дэмакратыі эканоміка можа і не ўзляцець адразу. Можа здарыцца наадварот — у першыя гады пасля змены ўлады беларусам, магчыма, прыйдзецца жыць яшчэ бядней, чым сёння. Але чым даўжэй у краіне захоўваюцца палітычныя свабоды, тым хутчэй яна развіваецца і тым багацей яна становіцца: у сярэднім — на 20 % цягам 30 гадоў пасля падзення аўтарытарызму.

Былыя краіны сацыялістычнага лагера, якія абралі дэмакратычныя рэформы, паказалі нават лепшыя вынікі.

Без таннага газу і «брацкіх» крэдытаў яны захоўваюць устойлівы рост з пачатку 1990-х. 

Дэфіцытныя «тавары» дэмакратыі

Адносны поспех краінаў былога сацлагера шмат у чым звязаны з тым, што з разам з дэмакратыяй яны атрымалі тры вельмі каштоўныя рэчы. Беларусь жа з прычыны аўтарытарызму атрымала іх у зусім іншым памеры.

Інвестыцыі. Інвеставаць у краіны з дэмакратыяй бяспечна. У іх прадпрымальнікі не спрабуюць адгадаць настрой уладаў і не павінны дамаўляцца з прэзідэнтам — каб весці бізнес, ёсць законы. Дэмакратычныя ўрады больш прадказальныя: як мінімум яны не арыштоўваюць найлепшых прадпрымальнікаў без бачных на тое прычын. А незалежным судам лягчэй абараняць прыватную ўласнасць, нават калі здараюцца канфлікты паміж бізнесам і дзяржавай.

Польшча, Чэхія, Венгрыя і Славакія, гэтыя новыя дэмакратыі, з’яўляюцца лідарамі ў інвестыцыйнай прывабнасці. Напрыклад, аўдытарска-кансалтынгавая кампанія Ernst & Young ацаніла іх вышэй за многія іншыя краіны Еўрасаюза паводле аб’ёму прыцягнутых у 2016-м сродкаў і колькасці створаных працоўных месцаў.

Эфектыўная бюракратыя. Ва ўстойлівых дэмакратыях чыноўнікі радзей парушаюць закон, што ратуе прадпрымальнікаў ад лішніх выдаткаў на «адкаты». Рабіць бізнес у такіх умовах як мінімум зручна.

І справа зусім не ў каштоўнасцях палітыкаў.

Канкурэнцыя прымушае іх абмяжоўваць выканаўчую ўладу і ствараць добрыя інстытуты кіравання: палітычныя праціўнікі рана ці позна перамогуць на выбарах, але дзякуючы такім стрымлівальным механізмам яны не змогуць лёгка падавіць апазіцыю.

Тэхналогіі. Дэмакратычныя краіны застаюцца бясспрэчнымі тэхналагічнымі лідарамі, а значыць, яны ўзначальваюць глабальнае эканамічнае развіццё. Напрыклад, у індэксе інавацыйнасці Bloomberg апынуліся толькі 6 краін з аўтарытарнымі рэжымамі, і яны далёка не на першых месцах. Усяго ж індэкс ахапіў 50 краін. Іх у тым ліку ацанілі паводле такіх паказнікаў, як інвестыцыі ў даследаванні і наяўнасць высокатэхналагічных вытворчасцяў.

Безумоўна, дэмакратыя — не чароўны механізм, які заўсёды працуе.

Яна можа станавіцца лёгкай здабычай для алігархічных кланаў, як гэта здарылася ў Малдове ці Украіне. У ёй папулістам кшталту Лукашэнкі лягчэй пракладваць сабе дарогу да ўлады. Але эфектыўныя, прадуманыя дэмакратычныя інстытуты становяцца таксама і найлепшай абаронай ад унутраных праблем і нават вонкавай пагрозы. Стварэнне такіх інстытутаў павінна быць галоўнай задачай беларускіх рэформаў.


Стас Гарэлік, Идэя

Метки: Экономика (12703)

Комментарии правила

Самое обсуждаемое



Новое в блогах


KSK 20/09 - 20/09:

Самое читаемое