Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь у артыкуле 17 замацавана, што «дзяржаўнымі мовамі ў РБ з’яўляюцца беларуская і руская мовы». Заўважце, што менавіта ў такой паслядоўнасці, не наадварот.
А ў артыкуле 50 Канстытуцыі напісана, што «кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання».
Гэтае канстытуцыйнае права і павінна абараняць дзяржава, інакш навошта яна такая патрэбная?
Існуе такі панятак, як «мова тытульнай нацыі». Тытульная нацыя — тая частка насельніцтва дзяржавы, нацыянальнасць якой вызначае назву дзяржавы. У Беларусі тытульная нацыя беларусы, адным з вызначальных крытэраў нацыі з’яўляецца мова.
Дзяржаўных мовы ў нас дзьве, але мова тытульнай нацыі — адна. Як ні круці.
Роўнасць моў гарантуе дзяржава. Кожны раз у спрэчнай моўнай сітуацыі (на запыт бланкаў, тэкстаў, даведкі, проста мовы з вуснаў дзяржслужбоўцы) чуеш «у нас дзьве дзяржаўныя мовы». І яны лічаць, што гэтая пазіцыя іх абараняе. На такую заўвагу ёсць простая рэакцыя: калі мовы дзяржаўных дзьве, то чаму ў вас уся дакументацыя такая, нібыта мова ў нас адна? Чаму яна ў вас не на дзьвюх мовах?
Гэтыя відавочныя моманты ігнаруюцца на самым высокім узроўні.
Тое самае з адукацыяй. Чаму ў Гомелі амаль цалкам адсутнічае магчымасць навучацца па-беларуску па месцы жыхарства?
Чаму пры «роўнасці»моў, беларускай вылучаецца толькі адзін дзень на тыдзень у дзіцячых садках?
На любое нязручнае пытанне аб рэалізацыі прынцыпа роўнасці моў, дзяржава рэагуе пералічэннем усяго, што можна назваць датычным да беларускай культуры, то бок канстатуе мізерную прысутнасць беларускага складніку ў дадзеным выпадку ў адукацыі. Фармальная наяўнасць, гэта далёка не роўнасць.
Ёсць у Гомелі адна гімназія ды пара групак у садках, дзе навучаюць па-беларуску і на гэтым усё. Права на беларускамоўную адукацыю рэалізаванае?! Трэба разумець, што яно будзе рэалізаванае толькі тады, калі ў любой школе і дзіцячым садку палова груп будзе з магчымасцю навучацца па-беларуску, другая — па-руску, або садкоў ці школ па моўнай прыкмеце будзе па-роўну, або колькасць беларускамоўных гадзін будзе абсалютна роўная колькасці рускамоўных.
Усе іншыя прапановы — маніпуляцыі і падман. Законы павінны працаваць, а роўнасць моў не павінна быць толькі на паперы.