Юзэф Панятоўскі і Гомельскі гарвыканкам ДАКУМЕНТ

4828 просмотров

Внимание!
В данном посте высказано частное мнение автора, которое может не совпадать с мнением редакции.

Кампанія па прыцягненню ўвагі да пытання неабходнасці копіі помніка Юзэфу Панятоўскаму, якую распачаў Дзмітрый Новікаў допісам "Нужно ли возвращать памятник Йозефу Понятовскому в Гомель?" працягваецца і набывае абароты.

І тут нельга не выказаць яму падзякі за гэта - калі б не гэты яго допіс на самым наведвальным сайце гомельскага рэгіёну "Сильные Новости" я б не даведаўся аб тым, што ў Гомелі існуе ініцыятыва па ўстанаўленні копіі помніка, які каля 100 гадоў радаваў сваёй прыгажосцю жыхароў Беларусі і быў адной з аметных частак Старога Гомелю, не завёў бы на гэтым сайце блог, не напісаў бы аб тым, "Чаму Гомелю патрэбен помнік Юзэфу Панятоўскаму?" і не звярнуўся б да дзяржаўных устаноў з прапановай спрыяць аднаўленню помніка князю Панятоўскаму. 


Ініцыятыва Józef go HOMEL! па аднаўленні помніка хоць і мае зараз, калі глядзець па яе старонках у Фэйсбуку і Укантакце агулам каля 2500 прыхільнікаў, не набыла б такой вядомасці ў Гомелі і ў Беларусі ў цэлым, калі б не ініцыятыва Дзмітрыя. 

Мяркую, тут нельга выключаць і таго, што Дзмітрый сам з'яўляецца прыхільнікам вяртання капіі помніка Юзэфу Панятоўскаму ў Гомель, сам стварыў вышэйзгаданыя суполкі ў сацыяльных сетках і распачаў для найбольш моцнага эфекту кампанію метадам "ад супрацьлеглага", каб надаць грамадскай дыскусіі большай вастрыні. Такі метад у рэкламе выкарыстоўваецца даволі распаўсюджана. Тым больш, што Дзмітрый і быў першым чалавекам, які загаварыў аб устанаўленні помніка публічна. Можаце Гуглам праверыць, ён хлусіць не будзе. Я ж упершыню загаварыў аб Юзэфу Панятоўскім толькі праз месяц пасля Дзмітрыя.


Але магчыма, у Дзмітрыя гэта такі творчы стымул, суполак ён не ствараў, а Панятоўскага абраз для сябе за Музу. Аб гэтым могуць казаць і радкі з яго вершаў (Дзмітрый яшчэ і паэт ):

"Учись играть в карты или хотя бы гадать,
Приручи единорога или дракона,
веди путевой дневник, прикупи тетрадь,
вызови на дуэль маркиза или барона."

Маркіза ці барона ў Гомелі Дзмітрыю знайсці не атрымалася, таму, відаць, і выклікаў ён на дуэль князя і маршала.

Як кажа адыёзны расійскі прапагандыст "русского мира" Дзмітрый Кісялёў: "Супадзенне? Ня думаю". 

Тым больш на тэму помніка Дзмітрый працягвае пісаць - на днях напісаў «Снова о Понятовском, или самопиар и профанация» . Але для чалавека, які рэдагуе і апрацоўвае тэксты на сайце і павінен разбірацца ў тэрміналогіі, слова піяр крыху недарэчнае. Тут можна прывесці цытату пісьменніка Віктара Марціновіча: " Прычым слоўца само гэтае — заскарузлае, састарэлае — вылезла з дзевяностых і там і мусіла застацца. Ва ўсім свеце — trick banners, interstitia і SEO optimisation, а ў нас, вы ж разумееце, піяр! У ботах, ватніку ды з дубальтоўкай. Такі шчарбаты, уся барада ў махорцы. Высокія тэхналогіі, чо!". 

Але вернемся да помніка - не ўвесь за час Дзмітрыю Новікаву дыферамбы пець, хоць маладыя і непрызнаныя паэты і грамадскія актывісты  гэта і вельмі любяць, а словы прызнаных аўтараў для іх значэння не маюць. Тым больш, што сам Дзмітрый на тэму Панятоўскага, калі рабіць высновы па яго апошнім тэксце, больш пісаць не збіраецца. 

Раней я распавядаў аб тым, што думаюць у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі аб аднаўленні помніка маршалу Панятоўскаму на яго тэрыторыі. Зараз чарга прыйшла давесці пазіцыю Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта. Вось што паведамілі адтуль:


"Памнік Юзэфу Панятоўскаму лічыцца лепшай работай скульптара Берталя Торвальдсэна.

Копія статуі і зараз магла б стаць прывабнай адметнасцю як для гамяльчан, так і для гасцей горада."

Вельмі прыемна, што ў кіраўніцтве горада згодныя, што Гомелю помнік Юзэфу Панятоўскаму патрэбны і што ён можа зноў стаць адметнасцю і ўпрыгожваннем горада.

Далей у лісце з гарвыкаканкаму працягваюць:

"Статуя, што знаходзіцца зараз у Варшаве, - падарунак урада Даніі польскаму народу. У сувязі з гэтым абмяркоўваць яе перамяшчэнне ў горад Гомель уяўляецца некарэктным".

Тут можна толькі удакладніць, што гаворка не вялася і не вядзецца аб перамяшчэнні помніка з Варшавы ў Гомель - Гомелю будзе дастаткова і копіі, тым больш, што і ў Варшаве зараз толькі копія стаіць. 

Далей гарвыканкам паведамляе:

"У дадзены момант рэдукцыя (паменьшаная копія) статуі знаходзіцца ў дзяржаўнай гісторыка-культурнай установе "Гомельскі палацава-паркавы ансамбль".

Сапраўды, як напісаў гомельскі гісторык і навуковец, пан Яўген Малікаў у каментары да аднаго з допісаў на тэму помніка Панятоўскаму ў Гомелі "ў І.Ф. Паскевіча, акрамя  велічнага трафея на тэрасе, была яшчэ маленькая настольная скульптурка гэтага ж помніка. Яна і зараз захоўваеца ў палацава-паркавым ансамблі і стаіць у курыцельным кабінеце на першым паверсе вежы, адразу за вокнамі якой і стаяў рэальны помнік Юзэфу Панятоўскаму."


Для мяне гэта было адкрыццё, бо я меркаваў, што паменшаная копія помніка з'яўляецца сучаснай, такім "навадзелам". Як бачым, дыскусіі з "ботамі", "фэйкамі" і проста "крэпкімі хазяйственнікамі" не заўжды безсэнсоўныя, а даюць новую цікавую інфармацыю для тых, хто ў ёй сапраўды зацікаўлены. 


Напрыканцы Гомельскі гарвыканкам выказвае празаічную, але сённяшнюю рэальнасць:

"Стварэнне копіі ў арыгінальным памеры патрабуе значных фінансавых выдаткаў, што не прадугледжана бюджэтам горада Гомеля."


Хочацца спадзявацца, што бюджэт горада прадугледзіць падобныя выдаткі на наступны год, тым больш, што самі гарадскія ўлады прызнаюць тое, што помнік Юзэфу Панятоўскаму Гомелю неабходны.

З іншага боку, помнік можна атрымаць і без вялікіх укладанняў па польскаму сцэнару, пра які пісалася ў адказе гарвыканкама ""Статуя, што знаходзіцца зараз у Варшаве, - падарунак урада Даніі польскаму народу."

Думаю, урад Даніі не пашкадуе падарунка і для народа беларускага - галоўнае, перамовы паспяхова правесці. 


Тут ужо задача для МЗС Беларусі і кіраўніцтва Гомеля - хіба не цудоўна звязаць Беларусь такім чынам сяброўскімі адносінамі з адной з самых пасьпяховых краін Еўропы ды яшчэ і падарунак гамельчукам і беларусам прынесці?

Наогул, копіяй аднаго помніка Юзэфа Панятоўскага можна не толькі падараваць Гомелю і Беларусі прыгожы помнік мастацтва, але і замацаваць добрыя адносіны з трыма вядучымі еўрапейскімі краінамі - Польшчай, Францыяй і Даніяй. 

Ужо толькі дзеля гэтага помнік Панятоўскаму ў Гомелі павінен быць. 

Комментарии правила
Вход для авторов

Самое обсуждаемое

Новое в блогах