Юзэф Панятоўскі і Гомельскі палацава-паркавы ансамбль ДАКУМЕНТ

5533 просмотров

У працяг дыскусіі аб тым, "Нужно ли возвращать памятник Йозефу Понятовскому в Гомель?" ці "Чаму Гомелю патрэбен помнік Юзэфу Панятоўскаму?" прапаную вам азнаёміцца з пазіцыяй генеральнага дырэктара "Гомельскага палацава-паркавага ансамбля". 

У адказ на каментар Дзмітрыя Новікава які дэклараваў, што "Фэйсбучная энергия редко переходит в действительно созидательное русло. Но даже информационный шум нужно направлять в правильном направлении" я звярнуўся ў тым ліку і ў вышэйзгаданую установу з прапановай усталяваць копію помніка Юзэфа панятоўскага на ранейшым месцы, тым самым падтрымаўшы ініцыятыву Józef go Homel! , якая ўжо зараз налічвае каля 800 прыхільнікаў суполкі Ўкантакце і больш за 1400 прыхільнікаў у суполцы ў Фэйсбуку .

Такая аўдыторыя павінна мець свайго трыбуна і я вырашыў заняць гэтае ганаровае месца, тым больш што гэтая ідэя мне самому падабаецца.

Вось які адказ прыйшоў з палацава-паркавага ансамблю:

"Сапраўды, даволі працяглы час конная статуя Панятоўскага знаходзілася ў нашым горадзе. Дастаўленая ў 1846 годзе водным шляхам з Польшчы, яна была ўстаноўлена на пляцоўцы каля паўднёвай вежы палаца, дзе знаходзіліся таксама дзве турэцкія гарматы, якія былі ваеннымі трафеямі фельдмаршала Івана Фёдаравіча Паскевіча. У нейкім сэнсе гэта ж можа быць аднесена і да помніка Панятоўскаму, які для польскага народа стаў сімвалам нацыянальнай незалежнасці і быў створаны на народныя грошы. Таму жаданне палякаў вярнуць гэты сімвал на радзіму пасля таго, як Расійская імперыя скончыла сваё існаванне, здаецца абсалютна натуральным.

Мы не будзем абмяркоўваць палітычныя пытанні аб справядлівасці ці не справядлівасці Рыжскай дамовы, але ж нельга не пагадзіцца з тым, што помнік быў адным з найбольш адметных аб'ектаў, якія ўпрыгожвалі гомельскую сядзібу Паскевічаў. Разам з іншымі дэкаратыўнымі элементамі (вазы, гроты, скульптуры і г.д.) ён стварыў той рамантычны вобраз палацава-паркавага комплексу, да якога імкнуўся яго аўтар - польскі архітэктар А. Ідзкоўскі. 

Копія статуі Панятоўскага і зараз магла б стаць прывабнай славутасцю, як для гамяльчан, так і для гасцей Гомеля. 

Але для ажыццяўлення такога праекта патрэбны як мінімум дзве ўмовы: наяўнасць фінансавых сродкаў (ніякім бюджэтам яны не прадугледжаны) і, як мы лічым, узгадненне такой магчымасці з польскім урадам, а гэта выходзіць за межы паўнамоцтваў."

Як бачым, ідэя знайшла сваю падтрымку, а праблемы маюць толькі тэхнічны характар. 

Калі з пошукаў сродкаў сітуацыя больш складаная (культура ў Беларусі традыцыйна спансуецца ў апошнюю чаргу), то з узнадненнем ідэі з польскім бокам дакладна праблемы не павінна ўзнікнуць.

Напачатку лютага Гомель наведваў Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шарэпка. Сярод іншага яму было зададзена пытанне аб тым, як ён адносіцца да усталявання ў Гомелі копіі помніка Юзэфу Панятоўскаму. Адказ пасла палягаў у тым, што ён асабліва і не супраць гэтай ідэі, галоўнае, каб на яе рэалізацыю былі сродкі. 

Адным з варыянтаў, як іх знайсці, можна зноў узяць польскі вопыт, згаданы ў адказе "помнік Панятоўскаму, які для польскага народа стаў сімвалам нацыянальнай незалежнасці і быў створаны на народныя грошы."

Мяркую, што і копія помніка Панятоўскаму можа быць створана на народныя грошы - альбо за кошт бюджэта (бо бюджэт складаецца з адлічэнняў, якія ўносяць беларусы), альбо за кошт наўпроставых ахвяраванняў.

Вы б ахвяравалі на мастацкую каштоўнасць, што будзе ўпрыгожваць ваш горад?

Комментарии правила
Вход для авторов

Самое обсуждаемое

Новое в блогах