Навошта парламенту Анісім і Канапацкая, а беларускай мове – ТБМ?

4531 просмотров

Внимание!
В данном посте высказано частное мнение автора, которое может не совпадать с мнением редакции.

Чарговы акт дыскрымінацыі беларускамоўных адбыўся 26 чэрвеня ў апошні дзень сэсіі Палаты прадстаўнікоў. 105 прысутных дэпутатаў у першым чытанні адзінагалосна прагаласавалі за змены ў закон “Аб абароне правоў спаджыўцоў”.

Такая адзінадушнасць нярэдкая з’ява для сённяшняга беларускага парламенту, але скандальнасць у дадзеным выпадку не ў гэтым, а ў тым, што нормы, якія рэгляментуюць выкарыстанне дзяржаўных моў засталіся нязменнымі – ніхто з дэпутатаў не ўнёс прапанову аб тым, каб інфармацыя аб таварах і паслугах даводзілася да спажыўца адначасова на дзвюх дзяржаўных мовах – па-беларуску і па-русску, як гэта і прадугледжвае Канстытуцыя Беларусі. 

Замест гэтага ў змененым законе засталася старая фармулёўка – па-беларуску або па-руску, што не толькі супярэчыць Канстытуцыі, але і робіць рускую мову абавязковай для выкарыстання, а беларускую – не, бо Тэхнічны рэгламент Мытнага Саюзу ТРМС 005/2011 “Аб бясьпецы ўпакоўкі” кажа, што “інфармацыя павінна быць выкладзена на рускай мове і на дзяржаўнай мове дзяржавы-члена Мытнага Саюзу пры наяўнасці адпаведных патрабаванняў у заканадаўстве дзяржавы-члена Мытнага Саюзу”, а беларускі Дзяржаўны стандарт СТБ 1100-2016 вымагае: “Інфармацыя для спажыўца ў выглядзе тэксту наносіцца на рускай або раскай і беларускай мовах”.

І хоць прыняцце закона ў першым чытанні – гэта яшчэ не канец чаканняў і надзеяў беларускамоўных беларусаў на аднаўленне іх моўных правоў і спынення дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце, бо ўсё яшчэ можа змяніцца ў лепшы бок да прыняцця закону ў другім чытанні на чарговай сэсіі парламента, што распачнецца ў кастрычніку, але цікавыя паводзіны дэпутатаў, а дакладней адсутнасьць сярод іх хоць бы аднаго чалавека, які б хоць на словах выказаўся ў падтрымку роўнасьці дзвюх дзяржаўных моў у дзень галасаваньня 26 чэрвеня.

Больш за 20 дэпутатаў пісьмова выказалася ў падтрымку зменаў, паводле якіх інфармацыя павінна даводзіцца на дзвюх мовах адначасова, яшчэ каля 10 дэпутатаў выказаліся супраць гэтых зменаў, а астатнія да гэтага часу не маюць вызначанай пазіцыі па дадзенаму пытанню. То бок у выпадку ўнясення дадзеных прапановаў у праект закона была вялікая верагоднасць таго, што дэпутаты змены б падтрымалі, а беларускамоўныя спажыўцы атрымалі тыя ж правы, што і рускамоўныя. Але сярод 110 дэпутатаў не знайшлося ніводнага голасу, які б у Палаце прадстаўнікоў агучыў гэтыя прапановы.

Сярод тых, хто падтрымліваў змены, былі і так званыя “незалежныя” дэпутаты – дэпутат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая і намесніца старныні Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Алена Анісім. На іх беларускамоўная грамадскасць ускладала найбольшыя спадзяванні.

Алена Анісім на прапанову падтрымаць змены паведамляла наступнае:

“Я падтрымліваю змены ў закон “Аб абароне правоў спажыўцоў” у выкладзенай вамі рэдакцыі, асабліва, калі прапановы будуць напісаныя на дзяржаўнай беларускай мове”.

Нельга не аддаць належнае такой прынцыповасці ў пытанні беларускай мовы, што выказала ў гэтым кароценькім адказе пані Анісім, але трэба заўважыць, што ў звароце на трох старонках 2/3 тэксту ў абгрунтаванне зменаў былі па-беларуску, але ўжо сама рэдакцыя зменаў была, як ужо было адзначана, па-руску. Справа ў тым, што ў адпаведнасці з законам “Аб нарматыўных прававых актах” змены ў закон уносяцца на мове асноўнага тэксту закону, а паколькі закон “Аб абароне правоў спажыўцоў” мае толькі рускамоўную рэдакцыю, то і змены ў яго павінны ўносіцца па-руску. Магчыма, пані Анісім яшчэ не зусім валодае нюансамі парламенцкага справаводства і беларускай законатворчасці, але ж у яе, як і ў пані Канапацкай, ёсць па 5 памочнікаў, хоць адзін з якіх мог бы ведаць і нормы асноўнага для дэпутата закона. Таму іронія пані Анісім была ў адказе не зусім да месца, але тым ня менш, адказ быў станоўчы да беларускай мовы – ды і было б дзіўна, каб прадстаўнік ТБМ быў супраць зменаў, што падвышаюць статус беларускай мовы і абараняюць правы беларускамоўных.

Пазіцыя Ганны Канапацкай была напачатку не такой адназначнай. Першапачаткова пані Канапацкая заявіла  наступнае:

“Я, безумоўна, падтрымліваю пашырэнне ўжывання беларускай мовы і лічу, што дзве дзяржаўныя мовы павінны мець роўны статус. Але зараз у нас у краіне такая няпростая эканамічная сітуацыя, што ў гэтай справе трэба кіравацца найперш эканамічнымі інтарэсамі. Нельга, каб вытворцы неслі неапраўданыя выдаткі.

Таму, я падтрымаю такую рэдакцыю зменаў у закон, якая б прадугледжвала абавязковае паданне інфармацыі аб таварах, работах і паслугах, а таксама аб іх вытворцах, выканаўцах і прадаўцах, на абедзвюх дзяржаўных мовах у тым выпадку, калі гэтыя тавары ці паслугі рэалізуюцца на тэрыторыі Беларусі. Калі ж партыя тавара прызначана для рэалізацыі на экспарт, то тут мову, на якой павінна падавацца згаданая інфармацыя, лічу, варта пакінуць на выбар вытворцы.”

У гэтым выказванні Канапацкая свядома ці не, але салідарызавалася зь неабгрунтаванымі высновамі Міністэртства гандлю і антыманапольнага рэгуляваньня, невялікай часткай вытворцаў  і дэпутатаў, якія безпадстаўна сцвярджалі, што ўжыванне беларускай мовы падвысіць кошт прадукцыі, хоць ніякіх канкрэтых разлікаў у падтрымку гэтых тэзаў не прадстаўлялі, а толькі сабатавалі працэс аднаўленьня правоў беларускамоўных спажыўцоў.

Напрыклад, фінскі вытворца MyllynParas аздабляе сваю ўпакоўку не толькі па-беларуску, але і яшчэ на 6 мовах, але кошт яго прадукцыі нават ніжэйшы за беларускія аналагі, на якіх прысутнічае толькі руская мова.

Відавочна, такія высновы прадстаўніца АГП Канапацкая зрабіла і праз тое, што сама беларускай мовай амаль не карыстаецца, а таму ёй цяжка зразумець беларускамоўных і тое, наколькі іх моўныя правы ў сферы гандлю і паслуг парушаюцца.

Так ці інакш але, відаць пракансультаваўшыся з адмыслоўцамі і адсачыўшы грамад скую думку, у сваім пісьмовым адказе пані Канапацкая падтрымала моўныя змены без агаворак: 

“У адпаведнасці з артыкулам 17 Канстытуцыі Беларусі дзяржаўнымі мовамі з’яўляюцца беларуская і руская мовы. Замацаваны асноўным законам прынцып дзвюхмоўя і моўнай роўнасці павінен выконвацца і рэалізоўвацца ў розных сферах жыццядзейнасці нашага грамадства.

Беларуская мова з’яўляецца неад’емнай часткай нашай нацыянальнай культуры, мова нас аб’ядноўвае і робіць адметнымі ад іншых. У сувязі з гэтым лічу важнымі і вартымі падтрымкі ініцыятывы па пашырэньні сферы ўжывання беларускай мовы.

Выкладзеныя ў вашым звароце прапановы па зменах у закон “Аб абароне правоў спажыўцоў” падтрымліваю”.

Як бачым, і Анісім і Канапацкая змены падтрымалі, але як сталася так, што іх галасы ў дзень прыняцця закона ў першым чытанні не былі пачутыя, а змены без “моўнай часткі” былі прынятыя адзінагалосна? Няўжо і “незалежныя” дэпутаткі іх падтрымалі?

Літаратар Севярын Квяткоўскі ў іранічнай форме  пракаментаваў навіну аб тым, што “Дэпутаты вырашылі не абавязваць вытворцаў змяшчаць на ўпакоўцы беларускіх тавараў інфармацыю на беларускай мове” заўважыўшы, што 

“Быў бы рэальны парламент, лёталі б як венікі над Парыжам тыя “дэпутаты”.

І сам таго не ведаючы, амаль адказаў на пытаньне, як абаранялі правы беларускамоўных спажыўцоў дэпутаты Анісім і Канапацкая 26 чэрвеня – яны ў гэты дзень наогул Палату прадстаўнікоў не наведвалі, удзел у галасаваньні не бралі, пратэсту супраць прынятых зменаў не выказвалі, а паляцелі з Беларусі па сваіх справах, праўда не ў Парыж, а ў Брусэль.

Аб’яднаная грамадзянская партыя так пракаментавала эту навіну, зрабіўшы гэта па-руску: 

“Яны паехалі ўдзельнічаць у канфэрэнцыі. То бок ПРАЦАВАЦЬ”.

Цяжка зразумець, што за важная праца чакала Анісім і Канапацкую ў Брусэлі, калі ў Мінску вырашаўся лёс беларускай мовы. Таму застаецца толькі пажадаць ім усяго найлепшага, трымацца і добрага настрою. Ды, здаецца з настроем  ў іх і так усё добра, чаго не скажаш аб правах беларускамоўных у Беларусі.

Публіцыст Дзмітрый Гурневіч слушна падсумаваў  сітуацыю: 

Калі дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім, не абараня(і)ла беларускамоўныя надпісы на ўпакоўках прадукцыі, то хто ў парламенце мог і павінен быў гэта рабіць? Спадзеў на спадарыню Анісім у Палаце прадстаўнікоў быў менавіта на пытанні мовы, культуры. І калі яна ня здолела дамагчыся такой, здавалася б, драбязы, як надпісы, то што казаць пра нешта больш сур'ёзнае?”

Гісторык Аляксандар Пашкевіч дапоўніў  гэта выказваньне словамі з якімі таксама нельга не пагадзіцца: 

“Што “не здолела дамагчыся” –  гэта ў нашых умовах нельга закідаць. Што нават не спрабавала дамагчыся – гэта так, цяжкі грэх, улічваючы статус Алены Анісім як намесніцы старшыні ТБМ.”

Ці патрэбны ў сённяшнім беларускім парламенце такія “незалежныя” дэпутаты, якія не адстойваюць правы беларусаў хоць бы ў парламенцкіх спрэчках, не кажучы ўжо аб рэальнай папяровай працы, нават у лёгкіх але грамадсказначных) справах? 

Ці патрэбна Таварыства беларускай мовы, якое не абараняе правы беларускамоўных? 

Відавочна, што не.

Комментарии правила
Вход для авторов

Самое обсуждаемое

Новое в блогах