Четверг, 3 декабря
  • Погода
  • -2
  • EUR3,1249
  • USD2,5881
  • RUB (100)3,4247

Сапраўдныя беларускія сімвалы: вось што трэба ведаць пра Пагоню і БЧБ Фото

Чырвона-зялёны сцяг — каланіяльны, ён быў прыдуманы сталіністамі. Тады як «Пагоні» больш як 700 гадоў. А БЧБ узнік на яе аснове, піша Наша Ніва.

Фота: Наша Ніва

Герб «Пагоня» — ваяр з узнятым мячом на белым кані ў чырвоным полі — вядомы ў Беларусі з глыбокай старажытнасці.

У якасці дзяржаўнага герба Княства Літоўскага, старажытнай беларускай дзяржавы, яе пачаў выкарыстоўваць вялікі князь Віцень у канцы XIII стагоддзя.

«Віцень нача княжыці над Літвою ізмыслі сабе герб і ўсяму княству Літоўскаму пячаць: рыцэр збройны на кане з мячэм, ежэ ныне нарычут Пагоня», — піша Густынаўскі летапіс.

Чаму «Пагоня»? Так называўся высакародны звычай, пашыраны ў нашых землях.

Пячатка Вітаўта Вялікага, 1385 год.

Пячатка князёў Кобрынскіх, 1387 год.

У выпадку раптоўнага нападу ворагаў — вось наляцелі чужынцы, схапілі каштоўныя рэчы і дзяцей у палон — усе мужчыны, якія маглі трымаць зброю, сядалі на коней і пераследавалі захопнікаў, каб вызваліць забраных суайчыннікаў.

У часы вялікага князя Ягайлы (XIV ст.) на шчыце «Пагоні» з’явіўся шасціканцовы крыж — знак венгерскіх каралёў. Адбылося гэта пасля таго, як вялікі князь ажаніўся з Ядзвігай, польскай каралеўнай венгерскага паходжання. Знак той нагадваў здаўна вядомы нашым продкам Ярылаў крыж — сімвал бога сонца і ўрадлівасці.

А гэты прыгажэнная Пагоня з гербоўніка 1575 года.

Царква надала «Пагоні» іншую сімволіку: святары былі схільны лічыць яе выявай святога Юр’я, нябеснага апекуна Беларусі.

Выявай «Пагоні» ўпрыгожаныя ўсе дзяржаўныя дакументы тагачаснай Беларусі, старонкі «Літоўскай Метрыкі» і «Статутаў».

Выява Пагоні на Статуце (канстытуцыі ВКЛ 1588 года).

«Пагоня» была на сцягах беларуска­-літоўскага войска ва ўсіх вырашальных бітвах тых часоў — ад Грунвальда да Оршы.

Пасля Люблінскай уніі «Пагоня» нароўні з польскім белым арлом змяшчалася на гербе Рэчы Паспалітай і на каралеўскім сцягу.

Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!

Нават пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у XVIII стагоддзі, калі Беларусь трапіла пад уладу Расіі, «Пагоня» засталася гербам беларускіх губерняў.

Яна трапіла на значкі расійскіх войскаў, размешчаных у Беларусі (напрыклад, Гродзенскага гусарскага), і нават на герб Расійскай імперыі.

Пячатку з «Пагоняй» меў і Кастусь Каліноўскі — кіраўнік паўстання 1863 года.

У пачатку ХХ стагоддзя класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч прысвяціў старажытнаму гербу пранікнёны патрыятычны верш:

Усё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць…
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!

Новы канон «Пагоні»

У 1918-м «Пагоня» стала дзяржаўным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі — першай незалежнай беларускай дзяржавы новага часу.

Калі ў канцы 1980-х разгарнулася барацьба за незалежнасць Беларусі, «Пагоня» з’явілася каля лагатыпаў падпольных улётак і першых незалежных газет. Харугвы з ёй неслі на чале шэсцяў. З’явіліся новыя карціны па яе матывах і песні пра яе.

З аднаўленнем незалежнасці ў 1991-м «Пагоня» зноў набыла дзяржаўны статус.

Так выглядалі амапаўцы 1990-х. Фота з архіва «Нашай Нівы».

Выдатныя мастакі Яўген Кулік, Уладзімір Крукоўскі і Леў Талбузін выпрацавалі для яе новы канон. Яны надалі шасціканцоваму крыжу на шчыце выгляд крыжа Еўфрасінні Полацкай, святой заступніцы Беларусі. На «Пагоні» прысягала беларускае войска. Яна ўпрыгожвала тэкст канстытуцыі і трыбуну, на якой прысягаў прэзідэнт.

Эталон дзяржаўнага герба 1991—1995 гадоў.

Рэнегаты

Аднак у 1995-м Аляксандр Лукашэнка, каб атрымаць падтрымку і грошы Расіі, узяў курс на русіфікацыю.

У атмасферы застрашвання быў абвешчаны «рэферэндум». Сярод пытанняў былі змена дзяржаўнай сімволікі і ўвядзенне рускай мовы ў якасці дзяржаўнай.

Каб матываваць гэтую змену, прапаганда карысталася беспардоннымі фальсіфікацыямі.

Рэжысёр Юрый Азаронак (цяпер ягоны сын працуе на СТВ) зняў фільм «Дзеці хлусні», у якім даводзіў, што «Пагоня» і бел­-чырвона-­белы сцяг… фашысцкія, на той падставе, што беларусы іх выкарыстоўвалі ў часы нямецкай акупацыі. Пра тое, што «Пагоня» стагоддзямі існавала перад той вайной, фільм змоўчваў. Як і тое, што

пад акупацыяй свае нацыянальныя сцягі вымушана выкарыстоўвалі ўсе: ад французаў да арміі Уласава. Якое супадзенне: Беларусь адзіная адраклася нацыянальнай сімволікі і ператварылася ў самую бедную краіну Паўночнай Еўропы, з самымі нізкімі заробкамі.

Зрэшты, па заробках беларусаў пачынаюць абганяць нават краіны Балкан, напрыклад, Румынія і Балгарыя ўжо апярэдзілі.

Адказ прапагандыстам, якія спрабуюць называць «Пагоню» і БЧБ калабаранцкімі сімваламі, добра ў свой час сфармуляваў Васіль Быкаў: «Калі Гітлер насіў штаны, то нам без штаноў хадзіць?»

Немцы, шведы, украінцы, літоўцы — усе трымаюцца сваёй нацыянальнай сімволікі і будуюць нацыянальныя дзяржавы. Ва ўсёй Еўропе толькі Беларусь пагналася за халяўнымі расійскімі грашыма.

Гэта, бадай, самая ганебная пагоня ў беларуская гісторыі.

Але гістарычнае значэнне «Пагоні» такое, што сцерці яе з памяці не ўдалося. Як і бел­-чырвона­-белы сцяг.

Бел-чырвона­-белы сцяг

«Пагоня» сягае каранямі ў сівую даўніну, а вось нацыянальны сцяг быў кадыфікаваны адносна нядаўна.

Беларусы здаўна шанавалі спалучэнне белага і чырвонага колераў.

На карціне XVI ст. «Бітва пад Оршай» пікі ваяроў ВКЛ упрыгожваюць сцяжкі з выявай чырвонага крыжа на белым полі — крыжа святога Юр’я.

Чаргаванне белых і чырвоных палосаў можна бачыць і на сцягах каралёў Рэчы Паспалітай. У хрысціянскай сімволіцы чырвоны пас (або крыж) на белым полі сімвалізаваў кроў Хрыста.

Аднак

бел­-чырвона­-белы сцяг у сённяшнім выглядзе, у адрозненне ад «Пагоні», мае канкрэтнага аўтара.

Сцяг стварыў у 1917 Клаўдзій Дуж-Душэўскі.

Да яго, маладога архiтэктара, студэнта Пецярбурскага горнага iнстытута и актыўнага грамадскага дзеяча, з просьбай зрабіць эскіз нацыянальнага сцяга звярнуліся беларускiя арганiзацыi Пецярбурга.

«Беларусы [даўней] лічылі сваім дзяржаўным сцягам белую Пагоню на чырвоным полі», — пісаў ва ўспамінах Дуж-Душэўскі. Рух за незалежнасць хацеў стварыць сабе сцяг больш адрозны ад герба, як было ў іншых, дзяржаўных народаў».

Клаўдзій Дуж-Душэўскі (злева) і Антон Бакач разам з жонкамі й дзецьмі. Фота са збораў Арсеня Ліса.

Усім да душы

Створаны Дуж-Душэўскім сцяг быў упершыню ўзняты ўвесну 1917 на будынку Беларускага таварыства дапамогi пацярпелым ад вайны ў Пецярбургу

(Дуж-Душэўскi быў супрацоўнiкам гэтага Таварыства). А 12 сакавiка ў Мінску ўпершыню адбылося масавае свята — нацыянальны Дзень беларускага значка. Бел-чырвона­-белыя значкi, кукарды і сцяжкi можна было пабачыць паўсюль на вулiцах.

Бел-чырвона­-белую стужку ў 1917-м сталі насіць і вайскоўцы-беларусы на франтах Першай сусветнай вайны, каб пазнаваць сваіх. Дзякуючы франтавікам БЧБ і замацаваўся.

У снежнi 1917 у Мінску падчас Усебеларускага з’езда, які мусіў вырашыць будучыню краіны пасля вайны, бел­-чырвона­-белы сцяг ужо адзiнадушна прызнаваўся нацыянальным сімвалам Беларусi. Ён усім адразу прыйшоўся да душы: светлы, зыркі і непаўторны.

Ён стаў дзяржаўным сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі.

Святкаванне першых угодкаў Акта 25 Сакавіка ў Горадні ў 1919 годзе мясцовым беларускім актывам. Фота Нацыянальны гістарычны музей Літвы.

За саветамі ж сцяг быў забаронены.

За яго выяву можна было страціць працу, а то і жыццё. Тады ж чырвоны пас на сцягу набыў новы сэнс — кроў патрыётаў, пралітая за айчыну.

Бел-чырвона-белыя сцягі ўздымаліся над калонамі людзей, якія ішлі ў Курапаты на Дзяды 1988-га — у дзень першай масавай акцыі за незалежнасць. Нацыянальны штандар быў дзяржаўным у 1991—95, на ім прысягала войска, пад ім прымаліся законы і абіраўся першы прэзідэнт краіны. Пасля, як і «Пагоня», бел-чырвона-белы сцяг быў прададзены за лёгкія расійскія грошы.

Міроны

Бел-чырвона­-белы сцяг і «Пагоня» — сімвалы змагання беларусаў за свабоду. З нацыянальным сцягам звязаная легендарная постаць Мірона —

невядомага, які ўздымае сцягі на самых высокіх і небяспечных пунктах. «Міронам» ён падпісваўся ў цыдулках, прымацаваных да штандараў.

Парадаксальна, але ўлады таксама патроху пачыналі разумець, што гісторыю не сатрэш.

«Пагоня» вярнулася на герб Віцебскай вобласці. Для яе знайшлі і афіцыйнае вызначэнне — «гістарычны сімвал Беларусі».

Сцяг жа застаецца «незарэгістраванай сімволікай». 25 год некаторыя палітыкі спрабавалі ўтаптаць яго ў бруд, здымаючы, рвучы на шматкі і загадваючы высцілаць нацыянальнай святыняй падлогі аўтазакаў.

Але падзеі 2020 года паказалі, якія сімвалы застаюцца мілыя сэрцу беларусаў, за пару тыдняў без усякага прымусу ўся краіна ўкрылася бел-чырвона-белымі сцягамі і знакамі.

На відэа: Мінск 23 жніўня 2020 года.

Жнівень-лістапад 2020-га напоўнілі новым сэнсам і метафару пра «чырвоны пас на белым тле радзімы» — ізноў пралілася кроў патрыётаў.

БЧБ-2020.

Чырвона-зялёны сцяг прыдумалі сталіністы

У канцы 1940-х Сталіну спатрэбілася стварыць сцягі саюзных рэспублік СССР, асабліва тых, якія былі членамі ААН.

Яны былі выраблены на аснове сцяга савецкай імперыі.

Для сцяга БССР у якасці адметнасці выбралі беларускі народны арнамент.

Тады ў архівах знайшлі малюнак вышыўкі на ручніку, зроблены ў 1917-м сялянкай Матронай Маркевіч з в. Касцілішча Сенненскага раёна. Вышыўка называлася «Узыходзячае сонца». Мастак Гусеў падрыхтаваў праект на аснове гэтага рысунка, з пэўнымі сімвалічнымі дадаткамі. Гэты сцяг і зацвердзілі ў 1951.

Герб БССР трохі даўнейшы. Ён быў прыняты ў 1927, таксама на аснове герба СССР.

Спачатку на ім былі надпісы на чатырох дзяржаўных мовах: беларускай, расейскай, польскай і ідыш. Але ў 1937-м польскую і ідыш прыбралі.

Такім чынам, гэты герб маладзейшы за «Пагоню», прынамсі, на 7 стагоддзяў, а сцяг — на 34 гады за бел­-чырвона­-белы.

Прафанацыя сімволікі

Цяперашнія сцяг і герб распрацаваны на аснове савецкіх. З іх папрыбіралі толькі камуністычныя лозунгі.

З лозунгамі даходзіла, дарэчы, да смешнага.

Так, указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 20 лістапада 1938 быў удакладнены пераклад на беларускую мову дэвіза на гербе, ён стаў чытацца як: «Пралетарыi ўсiх краiн, еднайцеся!».

Як успамінаў тагачасны кіраўнік справаў Саўміна Аўген Калубовіч, ініцыятаркай зменаў, у тым ліку ўвядзення ў яго арфаграфічнай памылкі была Старшыня Вярхоўнага Савета БССР Надзея Грэкава.

Матывавала тым, што «яна як сакратар ЦК часта падпісвае «дырэктывы» калгасам, што ўжо пара пачынаць «злучную кампанію для ската»; таму заклік «злучайцеся!» у дачыненні да пралетарыяту «неяк нядобра гучыць». А слова «яднайцеся» мусіла пісацца праз «е», каб падчас пераносаў не выйшла «яд­»…

Нагадаем, ад рук сталіністаў у Беларусі загінула каля 200 тысяч чалавек, а ўсяго праз рэпрэсіі прайшло 600 тысяч. Пра гэта трэба памятаць так жа свята, як і пра ахвяр гітлерызму.

А на заканчэнне яшчэ некалькі незабыўных кадраў 2020 года.

16, 23 і 30 жніўня ў Мінску адбыліся тры масавыя шэсці з удзелам 200—300 тысяч чалавек, якія запоўнілі ўсе цэнтральныя вуліцы горада.

Жанчыны з нацыянальнымі сцягамі перад шыхтом вайскоўцаў-лукашэнкаўцаў. 30 жніўня.

Мінск, драматычныя дні 9—12 жніўня.

Ніна Багінская сярод «балаклаваў».

Людзі супраць аўтазакаў, 9 жніўня, Мінск.

Сцяг у Брэсце 16 жніўня.

Ветэран сярод дэманстрантаў 4 кастрычніка, Мінск.

Новости по теме:
Поделиться:

Популярное:
7366
6136
6123
5576
5327
5287
Scroll Up