Як паведаміў БелаПАН намеснік начальніка ўпраўлення прафілактыкі УУС Гомельскага аблвыканкама Анатоль Васільеў, за сем месяцаў гэтага года пацыентамі ЛПП сталі 498 жыхароў вобласці. У органах аховы здароўя на ўліку знаходзіцца 40,7 тыс. алкаголікаў, з іх больш за 13 тыс. — на прафілактычным уліку, 27,5 тыс. — на дыспансерным.
«У мэтах прафілактыкі правапарушэнняў асаблівая ўвага надаецца ўзаемадзеянню з судамі па правядзенні выязных судовых пасяджэнняў, на якіх прымаецца рашэнне аб накіраванні ў ЛПП асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, — зазначыў А.Васільеў. — Гэтая форма работы мае вялікі грамадскі рэзананс, асабліва ў сельскай мясцовасці, і з’яўляецца эфектыўнай мерай уздзеяння ў дачыненні да асоб, схільных да ўчынення правапарушэнняў».
З пачатку года праведзена 105 выязных судовых пасяджэнняў па ізаляцыі ў ЛПП хранічных алкаголікаў. Разам з тым, паводле інфармацыі ўпраўлення прафілактыкі, у Ельскім, Лельчыцкім і Светлагорскім раёнах работа па гэтым кірунку службовай дзейнасці наогул не ажыццяўлялася, а ў Добрушскім, Веткаўскім, Буда‑Кашалёўскім, Жлобінскім і Рагачоўскім раёнах праведзена толькі па два пасяджэнні. Па пяць выязных пасяджэнняў правялі ў Мазырскім, Чачэрскім і Савецкім раёне Гомеля.
Паводле звестак упраўлення прафілактыкі, у 2007 годзе 313 жыхароў Гомельскай вобласці памерлі ад атручэння сурагатным алкаголем.