Дзе "вашыя" беларускамоўныя ці хто адказны за статыстыку?

9334 просмотров

Неўзабаве ў Беларусі адбудзецца перапіс насельніцтва. Як гэта звязана з беларускамоўным навучаннем? А вельмі звязана. Сярод іншага ў беларусаў спытаюць якая іх родная мова, накіраваўшы як заўсёды сваім подленькім удакладненнем у дужках (мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве). Вось хто з нас пры словах "родная мова" зразумеў бы такую фармулёўку?

Як па мне, то родная мова - мова майго рода, маёй Радзімы. Радзіма - Беларусь і варыянтаў тут быць не можа. Такі прыёмчык ужываецца ўжо другі раз. Пакінем гэтую фармулёўку на сумленні маніпулятараў і паспрабуем разабрацца да чаго гэта вядзе.

Мы атрымаем пэўную статыстыку, канкрэтных лічбаў, на якія будуць абапірацца чыноўнікі, каб выкарыстоўваць у сваіх мэтах.

Такім жа чынам чыноўнікі рэагуюць на "мізерныя" адсоткі ахвочых аддаць сваё дзіця навучацца па-беларуску ў Гомелі. Па выніках маніторынгаў Гомельскага ТБМ можна сведчыць, што нават самі навучальныя ўстановы кажуць пра 10-15% патэнцыйных наведвальнікаў беларускамоўных класаў ці груп у садках. На іх думку гэта аргумент супраць арганізацыі беларускамоўнага навучання. Але ж у межах Гомеля за доўгія гады незалежнасці і адсутнасці магчымасці навучацца па-беларуску гэта дзясяткі тысяч дзетак, чые правы не забяспечыла дзяржава.

Давайце паспрабуем заўважыць відавочную рэч. Мова, канешне, можа існаваць сама і без дзяржавы, але калі ўжо дзяржава ёсць, то хто яшчэ нясе адказнасць за захаванне мовы як не дзяржава? Чыноўнікі не разумеюць, што такая катастрафічная статыстыка ахвочых навучаць дзяцей па-беларуску - гэта праблема не ТБМ ці гэтых людзей. Гэта праблема чыноўнікаў, якія не стварылі адпаведных умоў для развіцця дзяржаўнай мовы. Гэта пытанне да іх кваліфікацыі, адпаведнасць займаным пасадам, аплаты нарэшце. І гэта не аддзел адукацыі павінен спытаць у мяне, як старшыні Гомельскага ТБМ на прыёме: "Ну дзе вашыя "беларускамоўныя"?", а я ў іх. Дзе ВАШЫЯ беларускамоўныя? Чаму іх не відаць і хто насамрэч нясе за гэта адказнасць?

Такім чынам, дзяржава сама не разумеючы ставіць сабе пастку, калі па выніках любой статыстыкі падаткаплатнік можа спытаць: як вы такое маглі дапусціць?

Комментарии правила
Вход для авторов

Самое обсуждаемое

Новое в блогах