Мова навучання - беларуская, ці маем права?

9271 просмотров

Мы маем права выбіраць мову навучання ў дзіцячым садку, школе, гімназіі, ліцэі, універсітэце, гэта прапісана ў Кодэксе аб адукацыі, а таксама мы маем права выбіраць мову зносін паводле Канстытуцыі. Усе законы на баку беларускамоўных, але яны не працуюць. Чаму? А не ведаю!

Шмат артыкулаў напісана, але праблема ўсё яшчэ ёсць: бацькі, якія хочуць, каб іх дзеці навучаліся па-беларуску, не могуць атрымаць беларускамоўнай адукацыі.

У 2018/2019 навучальным годзе ў Гомелі па-беларуску навучаліся 105 дзяцей. Мала гэта ці многа?

У аддзеле адукацыі кажуць, што гэта вельмі добрая лічба, што нібыта ўсе, хто хоча беларускамоўнай адукацыі, яе атрымлівае.

Тры гады таму маніторынг садкоў даваў лічбы да 15% ахвочых, якія гатовы аддаць дзяцей у беларускамоўную групу ці клас.

Зараз для забеспячэння роўнасці беларускай мовы з рускай у навучальным працэсе робяць:

1) Чацвер - беларускамоўны дзень у дзіцячым садку, калі ўвесь працэс адбываецца па-беларуску: побытавыя размовы, заняткі, вывучэнне вершаў і лексікі. 

Праверце сваіх дзетак, прыслухайцесь да выхавацельніц, ці сапраўды ў вашым садку чацвер беларускамоўны дзень?;

2) Этнаграфічныя святы, вывучэнне традыцый, спеваў і танцаў;

3) У школе гэта непасрэдна ўрокі беларускай мовы і літаратуры, тыдні беларускай мовы і правядзенне тэматычных святаў.

Падчас бацькоўскага схода, які ладзіць Гомельская гарадская арганізацыя Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", мы вызначылі шэраг праблем і падалі зварот з распрацаванымі на сходзе патрабаваннямі ў Міністэрства адукацыі.

Што мы патрабуем:

1) Зрабіць беларускамоўным днём у садку не толькі чацвер. У краіне, дзе дзьве дзяржаўныя мовы павінна быць роўнасць моў, таму лагічна павялічыць прысутнасць беларускай мовы на палову тыдня: чацвер, пятніца і, скажам, палова панядзелка;

2) Забяспечыць падручнікамі на беларускай мове па ўсіх прадметах бібліятэкі ва ўсіх установах адукацыі. Справа ў тым, што калі вы нават і захочаце самі вывучаць гісторыю Беларусі на беларускай мове, то сутыкнецеся з праблемай дзе дастаць гэты падручнік. Такая элементарная рэч павінна быць у наяўнасці, прынамсі, пара камплектаў;

3) Распрацаваць шэраг мерапрыемстваў для адкрыцця пры кожным садку беларускамоўнай групы. Слухайце, нічога страшнага ў гэтым няма. Рускую мову дзіця будзе ведаць у любым выпадку, бо яна вакол нас паўсюль. Вывучэнне з дзіцячага садка адразу дзвюх моваў будзе добра ўплываць на развіццё дзяцей і іх успрыманне сённяшнягя сусвета, дзе лепей ведаць некалькі моваў;

4) Інфармаваць бацькоў аб магчымасці навучацца па-беларуску ў садках і школах. Адміністацыя на ўсіх узроўнях не робіць гэтага зусім. Многія нават не падазраюць пра такую магчымасць, а частка з іх была бы не супраць аддаць дзіця ў такую групу ці клас.

Але працу ў дадзеным накірунку мы, як звычайна, ужо пачалі і зараз у цэнтры горада на скрыжаванні пр. Леніна і вул. Інтэрнацыянальнай можна пабачыць наш рэкламны бігборд, створаны на грошы неабыякавых людзей. За што нізкі ім паклон, далучайцеся і падтрымайце нас хаця бы распаўсюдам інфармацыі. 

Чакаем на адказ ад Міністэрства адукацыі і будзем планаваць дзейнасць у адпаведнасці з вынікамі рэкламнай кампаніі.

Далучайцеся, зробім беларускамоўную адукацыю даступнай.

+375299089162 (Алеся Аўласевіч), gomeltbm@gmail.com


Комментарии правила
Вход для авторов

Самое обсуждаемое

Новое в блогах