Што не так з суботнікамі ў Беларусі?

Внимание!
В данном посте высказано частное мнение автора, которое может не совпадать с мнением редакции.

У сваім нядаўнім допісе ў блогу "Моцных навін" Юрый Варонежцаў прыгадаў прыклады сапраўдных і карысных суботнікаў у ЗША ды Еўропе. Складана не пагадзіцца з тым, што добраахвотныя акцыі па добраўпарадкаванні адбываюцца і ў развітых краінах і не з’яўляюцца ў Беларусі заганнай традыцыяй, прадыктаванай выключна савецкай спадчынай ды звычкай.

Але ёсць у гэтым і нейкая нелагічнасць: калі суботнікі – такая карысная і агульнасусветная практыка, то чаму ў сінявокай іх аднолькава не любяць усе – ад школьнікаў да працоўных на прадпрыемствах? У чым прычына неахвоты “працаваць на вольным паветры” і як можна змяніць сітуацыю?

1.  Прымусовасць

Усім добра вядома, што ад узроўня сярэдніх школ і ўніверсітэтаў да дзяржаўных прадпрыемстваў па сваёй волі на суботнікі мала хто выходзіць. Канешне ўсё адбываецца па добраахвотна-прымусовай сістэме: часта афіцыйна ніхто нікога не абавязвае, але адцярэбіцца і пазбегнуць у будучыні праблем з кіраўніцтвам бывае надзвычай складана. Дарэчы паводле заканадаўства ў гэтым плане прымуса быць не мае.

Але ў краіне, дзе часта ігнаруецца нават канстытуцыя адстаяць сваё права не йсці на суботнік бывае складана.


Таму на канкрэтнай акцыі ўжо шмат залежыць ад сур’ёзнасці кантролю за ахвотнымі “сачкануць”. Лазейкі бываюць, але выбару ў шмат якіх сітуацыях не застаецца і даводзіцца браць у рукі граблі ці рыдлёўку і рушыць у бліжэйшы сквер, замест вырашэння іншых уласных жыццёвых спраў. У гэтай краіне аб тым, як ты будзеш бавіць свой час ужо падумалі за цябе!

2.  Эканамічная імпатэнцыя

Калі казаць аб прычынах правядзення суботнікаў то яны, канешне, ляжаць у эканамічнай сферы. Менавіта такім шляхам дзяржава спрабуе перакласці выдаткі на добраўпарадкаванне і прыборку гарадоў на плечы грамадзян.

Пытанне чаму яна няздольная ў ХХІ стагоддзі наладзіць эфектыўную працу наёмнай рабочай сілы, якая і мае займацца чысцінёй у нашых парках, скверах і на вуліцах застаецца адкрытым.

3.  На радасць бюракратам

Правядзенне масавых акцый – вельмі добры паказнік для справаздач чыноўнікаў усіх рангаў. Тут ё прастора для гонкі лічбамі – колькі чалавек удзельнічала, хто колькі паспеў прыбраць і наколькі актыўна праявіў свае арганізатарскія “здольнасці”. Чалавек жа ў гэтай схеме толькі працоўная адзінка, а не асоба.


4.  Свята без свята

Добраахвотная дапамога ў прыбіранні свайго горада ў еўрапейскіх краінах часта з’яўляецца не выключна механічнай працай, а пэўнай падзеяй у жыцці грамады. Людзі гуртуюцца, працуюць разам, а потым для іх ладзяцца нейкія жывыя, а не паказушныя культурніцкія мерапрыемствы. То бок на высадцы нейкіх дрэваў там рэдка ўсё сканчаецца і свята працы сапраўды мае чалавечы працяг.


У Беларусі ж эканомяць апошнім часам не толькі на прыборцы грамадскіх месцаў сіламі адмыслоўцаў (за якую мы плоцім падаткі!), але і на адпачынку для сваіх жа суграмадзян. Прычына абодвух праблем адна – недахоп сродкаў.

5.  Паказушнасць

Суботнікі вельмі дапамагаюць дзяржаўнай прапагандзе. Карцінка “радасных працоўных мас” масава эксплуатуецца як доказ прагрэсу ў Беларусі і яднання грамадзян дзеля будучыні сваёй краіны. Праўда аб пераважна прымусовым характары такога яднання звычайна не кажуць.


6.  Чым больш, тым горш

Апошнім часам колькасць правядзення суботнікаў на працягу году расце. Пачынаючы ад суботнікаў у межах школы/інстытута/завода і сканчаючы раённымі, агульнагарадскімі ды рэспубліканскімі – магчымасцяў запрэгчы вас у працоўны механізм хапае.

Пры гэтым чым горшай становіцца сітуацыя ў эканоміцы Беларусі, тым больш суботнікаў і добраахвотных акцый ладзіцца.

7.  Нерацыйнасць правядзення і нават шкода

Звычайна на месцы чыноўнікі самі вырашаюць што і галоўнае як ім прыбіраць з дапамогай дармовай працоўнай сілы. Часта гэта прыводзіць да вельмі павярхоўных дзеянняў – прыбіраецца тое, што навідавоку, дзе лягчэй паказаць эфект сваіх дзеянняў і прадэманстраваць вынік вышэйшаму кіраўніцтву. У сапраўдныя гушчары, задворкі і хмызнякі рэдка хто лезе.


Іншая справа – шкода, якую часам учыняюць пры правядзенні суботнікаў. Так яшчэ з савецкіх часоў у скверах і парках прынята прыбіраць абсалютова ўсё лісце. Пры гэтым ад гэтай татальнай практыкі прыборкі “пад нуль” на Захадзе ўжо даўно адмовіліся. Любы біёлаг зазначыць, што ліштва ад дрэваў неабходная раслінам і травяному пакрыццю як крыніца карысных мікраэлементаў. Прыбіраючы абсалютова ўсё лісце з газонаў пад час суботнікаў мы сваімі рукамі псуем будучы выгляд нашых сквераў ды паркаў. Нядзіва потым бачыць паўаблыселыя прасторы між дрэваў і супрацоўнікаў камунальных службаў, што вымушаныя кожны год за наш з вамі кошт раскідваць насенне для новага газона.

8.  Немагчымасць адсачыць рэальны вынік

Часта аб мэтазгоднасці таго або іншага дзеяння на суботніках даводзіцца толькі гадаць. Прыбраўшы чарговую купку галінак і мінулагодняй ліштвы застаецца спадзявацца, што гэта была вельмі адказная і важная праца. І канешне яна зашмат важней за твой недапісаны курсач/недагледжаных дзяцей дома/адпачынак у вольны дзень.
Вынікі ў дзяржаўных СМІ заўжды агаломшваюць абстрактнымі лічбамі – колькі тон прыбралі, колькі дрэваў спілавалі або высадзілі, колькі гектар ачысцілі ад смецця.


Акрамя сэнса тых або іншых дзеянняў часта бывае складана ацаніць і эканамічную мэтазгоднасць. Тут ёсць два аспекты. Па-першае чыноўнікі вылічваюць тое, колькі сродкаў бы ў іх сыйшло на прыборку і тыя або іншыя дзенні, але пры гэтым ігнаруюць ускосныя мінусы, калі людзі замест важнай для іх дзейнасці вымушаны прымусова цягнуцца на чарговую “добраахвотную” акцыю.

Другі аспект – расходаванне фінансавых сродкаў, якія ўдаецца зарабіць або зэканоміць дзякуючы суботнікам. Улады часта ў выніковых справаздачах дэманструюць нейкую лічбу якая пойдзе на вырашэнне тых або іншых сацыяльных праблем, але ацаніць і адсачыць рэальную колькасць сабраных грошай і механізм іх траты бывае немагчыма. Даводзіцца верыць словам чыноўнікаў, але гэта ўжо зноў пытанне аб адкрытасці сістэмы і яе жаданні працаваць не на колькасныя паказнікі, а на якасныя.

Як змяніць сітуацыю?

  • Не прымушаць нікога выходзіць на суботнікі! Няхай колькасць удзельнікаў ад гэтага зменіцца, затое шчырасці і адданасці будзе болей

  • Вызначаць сумесна з адмыслоўцамі і грамадзянамі што менавіта варта добраўпарадкаваць гэтым разам сіламі вялікай колькасці людзей, а не праганяць дзясяткі і нават сотні жанчын ды студэнтаў каб прыбраць пару кучак мінулагодняй ліштвы.
  • Даваць зялёнае святло добраахвотным і самаарганізаваным экалагічным акцыям ды флэшмобам (прыклад – валанцёрская акцыя “Зробім!”, што пройдзе ўжо 9 красавіка па ўсёй краіне). Суботнік можа і мае быць крэатыўным і модным!

  • Далучаць да арганізацыі акцый экалагічныя арганізацыі, грамадскія рухі і моладзь. Гэта дапаможа аб’яднаць высілкі, папулярызаваць акцыі ў сацсетках і дасць магчымасць людзям супольна працаваць над паляпшэннем свайго горада не толькі рыдлёўкай.

Пры такім падыходзе суботнік будзе пазітыўнай падзеяй і пазбавіцца ад сваёй прымусовай аўры, якую ён, на жаль, мае сёння.


Комментарии правила
Вход для авторов

Самое обсуждаемое

Новое в блогах