Культурніцкія вынікі 2015 года для Гомеля

Внимание!
В данном посте высказано частное мнение автора, которое может не совпадать с мнением редакции.

Па роду сваёй дзейнасці мне даводзіцца даволі часта бываць на самых розных выставах, культурніцкіх акцыях, спектаклях, прэзентацыях ды іншых івэнтах, што адбываюцца ў родным для мяне горадзе над Сожам. У гэтай сувязі ў мяне даўно ўзнікла ідэя занатаваць нейкія падсумаванні і  прааналізаваць, што ў Гомелі было пазітыўнага ці негатыўнага ў сферы культуры ў 2015 годзе.

У адрозненне ад большасці вынікаў года – эканамічных, палітычных, сацыяльных, аналіз культурніцкіх падзей вымагае часу. Немагчыма з налёту занатаваць факты і здарэнні і выдаць у выніку асэнсаваны тэкст, таму стварэнне агляду зацягнулася на два месяцы даўжэй за сканчэнне каляндарнага года.

Прыведзеныя ніжэй развагі суб’ектыўныя і ні ў якім разе не прэтэндуюць на ўсеахопнасць. У сваім выбары я вырашыў засяродзіцца пераважна на пазітыве, бо адмоўныя тэндэнцыі або падзеі вымагаюць значна большага па аб’ёме тэкста. Любы ахвотны прааналізаваць мінусы ў развіцці культуры ў беларускіх гарадах будзе вымушаны як мінімум разбіць іх на агульнадзяржаўныя, сістэмныя, і лакальныя. Магчыма падобнымі развагамі я падзялюся ў будучыні, а пакуль што буду рады, калі ў каментарах пільныя (і абавязкова культурныя!)) гомельцы будуць пакідаць свае ўражанні ад мінулага года і дапаўненні. Па магчымасці паспрабую дапоўніць спіс.

Холі фэсты

Фэсты яскравых колераў і фарбаў, якія распаленая моладзь распыляла ў паветры адно на аднога, ахапілі ў 2015-м годзе ўсю Беларусь. Напачатку гомельцам не шэнціла – правядзенне першых холі-фэстаў псавала то надвор’е, то няўдала абраная пляцоўка. Але пасля “пераезда” на платны кавалак цэнтральнага пляжа ўсё стала на свае месцы.

Маладзёны, захопленыя адаптаванай з Індыі цікавай формай баўлення вольнага часу чакалі кожнага новага мерапрыемства з вялікім нецярпеннем. Пляж апынуўся сапраўды ідэальнай пляцоўкай дзеля гэтых забаваў, праўда магчымасцю акунуцца ў цёплыя воды Сажа карысталіся далёка не ўсе, і па сканчэнні фэста па цэнтры горада яшчэ доўга хадзілі дзяўчаты і хлопцы падобныя на брудных карычневых зомбі.

FreeTimeFest 2015

Адметнай падзеяй стала правядзенне ў ГЦК ў сакавіку першага фестываля ўсходнеазіяцкай культуры і касплэя FreeTime Fest. Сотні ўдзельнікаў і гледачоў маглі назіраць за неверагоднымі пераўваплатненнямі дзяўчат і хлопцаў у фантастычных герояў, знаёмых па анімэ і з мас-медыя.

Хто хоча стаць бліжэй да чароўнага Ўсходу – ужо 2 красавіка адкрыецца другі FreeTime Fest 2016.

Гульні розума

Масавая хваля захаплення інтэлектуальнымі версіямі накшталт “Што? Дзе? Калі?” захлынула ў мінулым годзе Гомель. Спрошчаныя варыянты вядомай тэлегульні сталі з’яўляцца паўсюдна.

На дадзены момант у горадзе дзейнічае чатыры асноўныя варыянты бітваў мазгоў: МазгаБойня і SuperQuiz у Red pub, Ok quiz у бары Underground і “Кантакт” у “Чыста піўным” рэстаранчыку.

Гайд па Гомелі

У інтэрнэце складана знайсці нават стандартныя гайды па горадзе над Сожам, таму з’яўленне нефармальнага можна смела залічваць у плюс. У ім разам сабраныя і заўвагі тубыльцаў пра родны куток, і вартыя наведвання рэстарацыі, клубы, музеі ды іншыя чароўныя мясціны Гомеля. Да культуры ён мае непасрэднае дачыненне, бо дазваляе азнаёміцца з нашым родным месцам іншаземцам ды гасцям.

Агляд, да стварэння якога непасрэднае дачыненне меў аўтар дадзеных радкоў меў толькі адзін істотны мінус – ён ствараўся за часамі крызіса, і шмат якія пазначаныя ў ім кавярні ды ўстановы зачыняліся літаральна на вачах. Замест іх з’яўляліся новыя месцы і пляцоўкі, таму апдэйт падобных гайдаў будучымі пакаленнямі і стварэнне ўласных – абавязковая ўмова прыцягнення ў наш родны горад турыстаў ды аматараў падарожжаў.

GoFF 2015

Гомельскі фестываль агня – яскравы прыклад таго, як файная прыватная ініцыятыва можа (і мае!) быць падхопленая дзяржавай. Фэст, які пачынаўся ўласнымі сіламі ўсяго пару год таму перарос у сапраўднае міжнароднае спаборніцтва на якое імкнуцца фаершчыкі з самых розных гарадоў і краін. Гомельцам жа ў выніку дастаецца цікавае відовішча.

Выразным акцэнтам у мінулым годзе стала арыентацыя на “Шалёнага Макса” і адмыслова перанесенае на новы ўчастак набярэжнай святкаванне. Магчыма ў наступны раз пляцоўку для “вогнепаклоннікаў” варта размесціць бліжэй да цэнтральнай часткі парка: так бліжэй да транспарта і цудоўных краявідаў.

Узнікненне гомельскіх курсаў “Мова нанова”

Гомель стаў апошнім абласным горадам, дзе ўзніклі бясплатныя і рэгулярныя мовазнаўчыя курсы “Мова нанова”. 

У цікавай ды вольнай атмасферы на іх кожны ахвотны можна з лёгкасцю вывучыць усе складанасці і цікавосткі беларускай, а таксама ўзбагаціць свой слоўнікавы запас. Раз на тыдзень у Гомелі (па нядзелях, а 13-й гадзіне ў тайм-кафэ “Флэт”) слухачы прыходзяць не проста на заняткі па граматыцы ды сінтаксісе, а на самыя сапраўдныя культурніцкія шоў з удзелам тэматычных ды музычных гасцей.

За 2015 год на курсах з “моўным” візітам паспелі пабываць гурты “NAVI”, “Крама”, “Рэлікт”, “Place to be”, Зміцер Вайцюшкевіч, Яўген Пабалавец, Уладзімір Ларыёнаў, SHUMA і шмат хто іншы.

Хочаш вывучыць родную мову – далучайся !

Росквіт, заняпад і перафарматаванне антыкавярняў

Першым альтэрнатыўным кафэ горада стаў “Бергамот”, што паўстаў яшчэ ў 2014 годзе. Услед за ім у Гомелі пачалі з’яўляцца і іншыя пляцоўкі. У лепшыя часы ў горадзе было цэлых чатыры антыкафэ.

Але не ўсё было так добра. Праз ня самы ўдалы мэнэджмент першапраходнік – антыкавярня “Бергамот” зачынілася ў траўні 2015-га. Не заўважна вялікай дзейнасці і ў “Трох катах”, якія ладзяць пераважна камерцыйныя мерапрыемствы.

Рэдкай ды пазітыўнай падзеяй сталася адкрыццё тайм-кафэ “Флэт ” побач з каталіцкім касцёлам. Ён у хуткім часе акумуляваў у сябе самыя цікавыя падзеі ў горадзе – бясконцыя трэнінгі, майстар-класы, гурткі, курсы “Мова нанова” ды выставы мастакоў, выступы музыкаў і вольных артыстаў любых відаў.


Модны і жывы некалі “Sweet home” пасля змены некалькіх каманд, што займаліся яго развіццём быў пераўтвораны пад канец года ў “Manhattan”. Наколькі доўга яна праіснуе, а таксама з якой колькасцю антыкавярняў гомельцы застануцца ў 2016 годзе пакажа час.

Update драўлянай забудовы і касцёл у 3D

Адметны праект прэзентавалі прадстаўнікі гомельскай філіі Таварыства беларускай мовы ў снежні. З дапамогай фотаматэрыялаў і крыніц яны рэканструявалі знешні выгляд няіснага гомельскага касцёла Унебаўзяцца Панны Марыі, што быў знішчаны бальшавікамі ў 1930-я гады і пажарнай каланчы, што месцілася побач на сучаснай плошчы Леніна (разбурана 60-я гг).

Аўтары не толькі стварылі прывабныя 3-D мадэлі будынкаў, але і паказалі, як будынкі (прынамсі касцёл) можна было б аднавіць на іх старым месцы. Тым самым у Гомелі мог бы з’явіцца яшчэ адзін адметны аб’ект для прыцягнення турыстаў і файная грамадская прастора на месцы сучаснай “паркоўкі імя Леніна”.

У дадатак да прэзентацыі праекта, краязнаўцы стварылі і кінастужку “У пошуках старога Гомеля”, у якой занатавалі ўспаміны неардынарнага гомельца Яўгена Ткача аб няісных ужо сёння кутках роднага горада.

Працягнулі тбмаўцы і сваю дзейнасць па абароне гомельскай драўлянай забудовы. З дапамогай валанцёраў і актывістаў яны адрамантавалі ды аднавілі элементы дэкора, а таксама “абнавілі” фасад будынка на рагу вуліц Кірава і Навапалескай. Сваёй дзейнасцю аўтары хацелі паказаць, што пры належным падыходзе ўнікальныя ды аўтэнтычныя дамы могуць стаць сапраўднымі пэрлінамі горада над Сожам.

Культура памяці і талерантнасці

Асобна хочацца адзначыць вечары памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій, што адбываюцца ўжо некалькі год з апар у абласной бібліятэцы. З іх правядзеннем, а таксама шэрагам іншых мерапрыемстваў (такіх як выстава «Соль зямлі. Царкоўная гісторыя Гомельшчыны ХХ ст. Асобы, дакументы, артэфакты» у філіяле Веткаўскага музея) у горад вяртаецца культура памяці аб шматлікіх пакутніцкіх лёсах нашых продкаў, што сталі ахвярай таталітарнага рэжыма.

Вялікая колькасць прадстаўнікоў самых розных рэлігійных канфесій, інтэлігенцыі, рабочых ды простых грамадзян былі расстраляныя на сумнавядомым у Гомелі 9-м кіламетры.На сённяшні момант побач з гэтым месцам памяці існуе няскончаная будоўля (былі звесткі пра стварэнне лагістычнага цэнтра). Ведаць пра тое, наколькі жахлівыя рэчы адбывалася ў родным горадзе ў гэтым месцы і як яго выкрэсліваюць з нашай свядомасці сёння мае кожны думаючы гамяльчанін.

Добрай падзеяй былі і сумесныя прыборкі могілак праваслаўнай, каталіцкай ды юдэйскай грамадамі. На жаль у мінулым годзе з’явіліся звесткі, што падобная практыка будзе часова прыпыненая. Будзем спадзявацца, што яна адновіцца і ўзаемнай супрацы прадстаўнікоў розных веравызнанняў у нашым горадзе не будзе ніякіх перашкод у будучыні.

Тэатр

Трыюмф лялечнага

Мінулы год парадаваў аматараў тэатра сапраўдным маршам шыкоўных пастановак, якія гомельцы маглі бачыць на сцэне Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек. Творчы калектыў сваёй адданай дзейнасцю далёка пераўзыйшоў па арыгінальных прэм’ерах абласны драматычны тэатр, які ўсё яшчэ выпраўляецца ад кадравых і канцэптуальных зменаў былых гадоў, ды моладзевы.

Цэлы шэраг бліскучых пастаноў, такіх як “Геда Габлер” (у пастаноўцы Наталлі Слашчовай), “Фабле” (магілёўскага рэжысёра Юрыя Дзівакова) і “Абсалютова шчаслівая вёска” (рэжысёр – Ірына Цыпіна) абуджалі розум, давалі глебу для развагаў і прыцягвалі да сябе ўвагу. Крэатыўнасць, актуальнасць, пошук новых магчымасцяў у перадачы і інтэрпрэтацыі існых твораў далі свой плён – у лялечны сапраўды хацелася вяртацца, кожнай прэм’еры чакалі з нецярпеннем.

Важна, што адбылося гэта дзякуючы гатоўнасці эксперыментаваць, даваць дарогу маладым і быць гатовымі да неардынарнага погляду нават на даўно вядомыя творы (хто быў на “Фабле”, той зразумее пра што я кажу). Будзем верыць, што творчы калектыў лялечнага тэатра будзе радаваць нас і ў гэтым годзе.

Тэатральная майстэрня “Сляды”

Яшчэ адным тэатральным адкрыццём году стала тэатральная майстэрня “Сляды”. Згуртаваныя на глебе любові да музы Мельпамены гомельцы здолелі паказаць, што ў ХХІ стагоддзі дзеля жывога пераасэнсавання думак ды ідэй і ўзаемадзеяння з публікай неабавязкова мець уласны будынак або вялікую колькасць артыстаў.

Акторы пакідалі свае “сляды” літаральна на вуліцах, зладзіўшы шэраг выступленняў ды перформансаў на адкрытых пляцоўках горада, але не цураліся і памяшканняў. Спектакль “Матроская цішыня” быў нават паказаны на сцэне ГЦК, а ў палацы Чыгуначнікаў адбыўся вечар “Паэты і тэатр”.

Акрыленыя поспехам удзельнікі студыі прынялі ўдзел у шэрагу тэатральных фестываляў, дзе іх творчасць была высока ацэненая прафесіяналамі. Але на вяршыні поспеху ў калектыве пачаліся разыходжанні на глебе далейшага развіцця, таму ў другой палове года акрамя “Слядоў” з’явілася яшчэ адно аб’яднанне вольных артыстаў – “Тэатр адкрытых”, якое паказала ня так даўно ў Гомелі пастаноўку "Забойца пад купалам цырка". 

Ці дзейнічае ў выпадку вольных тэатраў формула “чым больш, тым лепш” пакажа час.

Кіно

“Племя” Яны Новікавай

Абсалютова ўнікальнай падзеяй мінулага года стала ўключэнне ў шэраг сябраў Еўрапейскай кінаакадэміі глуханямой акторкі з Рагачоўшчыны Яны Новікавай.

Прага дзяўчыны да кінатворчасці была настолькі вялікай, што яна здолела прабіцца ў Кіеве і была заўважаная стваральнікамі новага фільма “Племя ”. Стужка, у якой апавядаецца пра жорсткія законы існавання маладзёнаў у спецінтэрнаце, была высока ацэненая крытыкамі з розных краін свету (і была адзначана нават на Канскім кінафестывалі). Фільм дакладна варты прагляду і стварэння ўласнага меркавання ў кожнага гомельца, у якога цяпер з’явіўся яшчэ адзін повад для гонару за родны край.

Перакрыжаванні на фестывалях

Стужка “Crossroads” (“Перакрыжаванні”) была створана рэжысёрам Анастасіяй Мірашнічэнка яшчэ ў 2014 годзе і апавядае пра лёс і дзейнасць бяздомнага мастака з Гомеля Валерыя Ляшкевіча

Кранальная гісторыя дзіўнага і бязмежна вольнага мастака са своеасаблівым бачаннем свету і прынцыпаў стварэння карцін у 2015 годзе працягнула сваё шэсце па кінафестывалях свету. Сам герой стужкі паспяхова прэзентаваў у сакавіку ў Гомелі сваю выставу “Сімвалы”.

Гамельчукам засталося толькі дачакацца нарэшце паказу самой стужкі. А дапамагчы Валерыю Ляшкевічу, набыўшы ў яго адзін з твораў, можна ўжо сёння. Шукайце на вуліцах горада!

Музеі ды бібліятэкі

Ад вялікарогіх аленяў да сучаснага мастацтва

Палац Румянцавых-Паскевічаў, а дакладней размешчаныя ў яго сценах музеі, працягваў радаваць гомельцаў якаснымі выставамі. Варта адзначыць, што кіраўніцтва палаца не цураецца сучаснага мастацтва ў межах збудаванага ў стылі класіцызма будынка. Так у мінулым годзе ў горад над Сожам завіталі творы польскага мастака Анджэя Струміла.

Разам з тым не забываліся і на мясцовых творцаў – з поспехам прайшла выстава Сяргея Каваля і шмат каго з іншых слаўных прадстаўнікоў гомельскага краю.

Асобна хочацца адзначыць зварот да калекцыі палеанталагічных знаходак у сховішчах музея. Так у верасні адкрылася выстава парэшткаў вялікарогавага аленя. Рарытэты, якім больш за некалькі дзясяткаў тысяч год сведчаць аб жыцці ў нашых краях у настолькі далёкія часіны, якія складана сабе нават уявіць.

Асабіста я перакананы, што ў Беларусі (і канешне Гомелі) не хапае сапраўднага палеанталагічнага музея. Нашыя землі багатыя на разнастайныя знаходкі і хоць можа шкілетам тыраназаўра пахваліцца не зможа, але паглядзець будзе на што. А зацікаўленасць з боку грамадства да падобнага роду відовішчаў дакладна ёсць – чаго вартыя захапленні мультфільмамі з серыі “Ледавіковага перыяда” ды тая ж выстава "Планета дыназаўраў", што адбылася ў палацы. Час збіраць біўні мамантаў ды ствараць новы музей. Іх ніколі дастаткова не бывае...

Самы скандальны музей

Вось хто сапраўды сумна праславіўся ў мінулым годзе так гэта музей гісторыі Гомеля, што месціцца ў Паляўнічым доміку.

Усё пачалося са змены кіраўніцтва музея – на пасаду дырэктара была прызначаная былы ідэолаг Чыгуначнага раёна Алена Давыдоўская. Практыка падобных кадравых прызначэнняў людзей, абсалютова не звязаных з музейнай сферай і не маючых адпаведнай адукацыі наогул выклікае пытанні, але ў рэале застаецца спадзявацца хаця б на разумнасць дзеянняў новапрызначэнцаў. Але тут і адбылося адразу некалькі казусаў ды нават скандалаў.

Спачатку ўжо даўно абгавораную і дамоўленую выставу, прысвечаную шляхецкім сядзібам Гомельшчыны ў апошні момант адмянілі. Аўтары рыхтавалі яе некалькі месяцаў, стварылі адмысловую мапу былых сядзіб нашага рэгіёна, падабралі матэрыял, які б арганічна звязваў тэму выставы з Паляўнічым домікам, у якім жылі прадстаўнікі арыстакратычных сем’яў Лісоўскіх і Крушэўскіх.

Але ў апошні момант арганізатары атрымалі “разварот”. Нагодай патрабаванне кіраўніцтва музея не ўжываць слова “шляхта” адносна выставы пра шляхецкія сядзібы!..

Затое ў выніку выстава з вялізным поспехам прайшла ў філіяле Веткаўскага музея. Шмат рэпартажаў пра яе знялі і дзяржаўныя тэлеканалы, агляды з’явіліся ў дзяржаўных выданнях. Адсюль можна зрабіць вывад аб менавіта нерацыйнасці і неабдуманнасці самім кіраўніцтвам музея (і ўпраўлення ідэалогіі, культуры і па справах Гомеля) пры прыняцці рашэння аб забароне гомельскай шляхты. Дарэчы на працягу года замест беларускай шляхты ў музеі паспяхова выстаўлялі чарговы набор “ісцінна рускіх” самавараў. Вывады аб упадабаннях кіраўніцтва можна зрабіць самастойна…

Калі апусціць шэраг больш дробных інцыдэнтаў і непаразуменняў з новым “крутым” кіраўніцтвам варта адзначыць яшчэ адзін неардынарны выпадак. На адкрыцці выставы фатаздымкаў гамяльчанкі Кацярыны Дзям’янцавай мусілі выступіць гомельскія музыкі – Агнявіт і гурт “Бодхі”. Але на мерапрыемстве пачуць іх так і не ўдалося. Спачатку музыкам, якія спакойна чакалі свайго часу, загадалі прадэманстраваць сваю творчасць, потым сказалі, што яны змогуць выступіць пасля ўрачыстага адкрыцця выставы, а напрыканцы выявілася, што гэтым кіраўніцтва ўстановы элементарна цягнула час. Канчаткова музыкаў здзівіла фармулёўка дырэктаркі музея аб тым, што яны сапсуюць “карцінку” для тэлебачання. Дадзены выпадак, які сведчыць аб незразумелым цемрашальстве кіраўніцы музея “праславіў” музей у чарговы раз.

На дадзены момант зразумела толькі тое, што прамоклую наскрозь рэпутацыю Паляўнічага доміка давядзецца аднаўляць доўга і ўпарта.

Мастацкі Алімп горада над Сожам

Калі да вас прыедуць госці са сталіцы або любых іншых месцаў то вы дакладна мусіце звадзіць іх у галерэю імя Гаўрылы Вашчанкі. Дадзеная ўстанова, дзякуючы самаадданай працы таленавітага і прафесійнага калектыва, мае выкшталцоны густ пры выбары і фармаванні новых выстаў.

Менавіта тут з вялікай рэгулярнасцю адбываюцца прэзентацыі большасці незвычайных мастацкіх праектаў. За мінулы год тут былі і выставы графікі ды скульптуры Сальвадора Далі ды Пабла Пікаса, выстава “Калевала вачыма рускіх мастакоў”, зборныя выставы беларускіх мастакоў “Дыялог эпох. Інтэрпрэтацыі”, ROBO-ART і шмат іншага.

Не забываліся і на гомельскіх мастакоў. Перш-наперш прайшла абноўленая выстава твораў самога Гаўрыла Харытонавіча, далі прэзентаваць свае творы Міхаілу Няхайчыку, які зараз жыве ў суседнім Навазыбкаве. 

Тут выставіў свае арыгінальныя карціны ў стылі фавізму Аляксандр Пісецкі, а Аляксандр Сушкоў паказаў вынікі 25 год сваёй дзейнасці, дэманстраваў сваю творчасць і Васіль Касцючэнка.

Асобна хацелася б адзначыць зборныя выставы карцін мастакоў Гомельшчыны, аб’яднаных у творчым праекце “Спектр”. У яго межах абіраецца пэўны колер, які і прысутнічае на выніковых творах. У іх ён з’яўляеецца альбо асновай, альбо нейкім дробным, але вызначальным для твора акцэнтам. Першы “спектр” быў прысвечаны чырвонаму колеру, а ў снежні 2015 года прыстаў чарод сіняга.

Хочацца пажадаць калектыву галерэі далейшага плёну ў іх высокамастацкай працы.

Ад магнітафона да “Ростаняў

Прасунутыя ў культурніцкім плане гомельцы здаўна ведаюць, што адной з самых актыўных музейных пляцовак горада з’яўляецца філіял Веткаўскага музея ў парку. Дзякуючы няспыннай працы калектыву тут заўжды штосьці адбываецца. Акрамя традыцыйных выставаў па беларускім народным строі, іконах і спадчыне старавераў, а таксама мастацкіх экспазіцый, музей наладзіў вельмі шчыльную працу са сваімі наведнікамі. Тут адбываюцца бясконцыя беларускія вечарынылекцыі , навучальныя майстар-класы па традыцыйных танцах ды вырабах, праходзяць беларускамоўныя ялінкі для самых маленькіх.

Наладжаныя і рэгулярныя курсы па навучанні традыцыйнаму ткацтву для ўсіх узроставых катэгорый. Філіял Веткаўскага музея ў Гомелі – сапраўдны ўзор для пераймання для іншых музейных устаноў горада. Менавіта так, з душою, трэба ставіцца да сваёй дзейнасці і наведнікаў.

Адкрыццё музея фатаграфіі

Для паўмільённага горада ў Гомелі ня так шмат музеяў, галерэяў ды незалежных культурніцкіх пляцовак як у любым нармалёвым еўрапейскім горадзе. Таму сапраўднай падзеяй стала запланаванае яшчэ мінулым кіраўніцтвам музея гісторыі горада Гомеля адкрыццё асобнага музея фатаграфіі.

Цяпер у аматараў фотамастацтва з’явілася новая кропка (вул. Камунараў, 7) для правядзення прэзентацый уласных выстаў, а гомельцы змогуць назіраць за зафіксаванымі імі кавалкамі нашага жыцця ды куткамі розных, у тым ліку і родных, краёў.

Не толькі сховішча кніг

Абласная і цэнтральная гарадская бібліятэкі Гомеля за мінулы год значна падвысілі ўзаемадзеянне з насельніцтвам. Установы паказалі, што яны – не проста месца для захоўвання і выдачы кніг, але і сучасныя культурніцкія пляцоўкі.

Яны з поспехам прынялі бібліяфэсты, бібліяночы і тэматычныя падзеі. Калектывам далі ў пэўнай ступені адкрыць свой творчы патэнцыял і гэта сапраўды дало плён. Паспяховай ідэяй быў выхад той жа абласной бібліятэкі на вуліцу – у межах мерапрыемстваў, што там адбываліся часткі экспазіцый і забаўляльных пляцовак месціліся побач з будынкам, а не ўнутры яго сцен.

Бібліятэкі таксама падвысілі інфармаванне зацікаўленых гомельцаў аб сваіх падзеях. Праз выхад у сацсеткі дазнацца пра тое, што адбываецца ў Герцэнцы, ці Ленінцы стала значна лягчэй.

Канешне гэта не пазбаўляе гэтыя ўстановы традыцыйных для іх праблем. Піяру мерапрыемствам усё яшчэ не хапае. Пра шматлікія адкрыцці выставаў часта бывае толькі адзін радок на адпаведных сайтах, а сродкаў на правядзенне акцый звычайна ня так шмат.

У другой палове 2015 года абласная бібліятэка ўвяла досыць высокі кошт за наведванне сваіх мерапрыемстваў што адразу ж значна знізіла колькасць гасцей. Тлумачыцца гэта хутчэй за ўсё загадам аддзела культуры – у краіне крызіс і зарабляць, нават разбураючы дасягнутае, мусяць усе.

Музыка

Яшчэ ніжэй

Неардынарнай падзеяй для музычнага Гомеля стала правядзенне ў красавіку ў Белай гасцёўні палаца Румянцавых-Паскевічаў мерапрыемства Bass Day. Яно сабрала ўсіх аматараў нізкіх гукаў і тонаў – ад альта да бас-гітары. Сярод удзельнікаў былі прадстаўнікі самых розных гурткоў і плыняў: Андрэй Васільеў (Vasabi jazz band), Сяргей Семуткін (Fusion Band), Аляксей Шаўчук (Біфолк), Арцём Кузьмічоў (Central park west), Антон Лапацін (The Repost), Віктар Спраўцаў, Віктар Сырцоў (THELEMA) і Дзмітрый Муратаў.

Вяртанне оўпэн-эйраў

У гэта цяжка паверыць, але да 2015 года ў горадзе над Сожам не было оўпэн-эйраў ужо больш за пяць год. Пры гэтым Гомель – ідэальнае месца для іх правядзення. Мы маем шмат адкрытых пляцовак фактычна ў цэнтры горада і вялікую колькасць моладзі (дзякуй універсітэтам!), што прагне біта, захапляльных рытмаў і моцнага гука на пляцоўках пад вольным небам.

Мінулагодні оўпэн атрымаў назву “Arena space” і прайшоў у жніўні. Будзем адпальваць пад зоркамі і ў 2016-м?

“Млын сонца” на беразе Сажа

Неардынарны фолк-гурт “Млын сонца” існуе ў Гомелі з 2008 года і добра вядомы ўсім аматарам якаснай музыкі.

Прэзентацыю свайго новага альбому “Ростань” удзельнікі калектыва правялі на беразе Сажа ў жніўні, чым стварылі найвыдатнейшую атмасферу.

Падымі мяне па-над зямлёю…

Ужо добрай традыцыяй стала правядзенне фестываля сучаснай ды нефармальнай музыкі ды творчасці “Аэрастат”. Будзем спадзявацца, што гэты небанальны фэст застанецца з намі і ў гэтым годзе і не ўляціць у іншы край.

Форум класічнай музыкі

Вы не паверыце, але ў нашым горадзе сапраўды шмат аматараў класічнай музыкі. Мерапрыемствы ў абласной філармоніі, белай гасцёўні палаца Румянцавых-Паскевічаў і каледжы мастацтваў імя Сакалоўскага заўжды карыстаюцца попытам.

Ну ды гэта ж усё з боку гледачоў, а вось самім музыкам надзвычай важна існаванне розных конкурсаў, фестываляў і спаборніцтваў. Таму сапраўды значнай падзеяй з’яўляецца правядзенне першага форума класічнай музыкі ў нашым горадзе. У форум быў прысвечаны творчай спадчыне Людвіга ван Бетховена, але будучыя фэсты будуць арыентавацца на самых разнастайных выбітных кампазітараў мінулага. Будзем спадзявацца, што сярод іх будуць і выхадцы з Беларусі кшталту Міхала Клеафаса Агінскага, альбо Станіслава Манюшкі.

“Сярэдзінкі”

Аматары аўтарскай музыкі ў Гомлі адкрылі яшчэ напрыканцы 2014 года цікавы фармат мерапрыемстваў. Публічныя сустрэчы з найбольш адметнымі творцамі цяпер традыцыйна ладзяцца пасярод тыдня, таму і займелі назву “Сярэдзінкі”. У мілай і цёплай атмасферы сваімі спевамі ды вершамі тут дзеляцца адметныя аўтары з Гомеля ды іншых гарадоў.

Капа і яго спадчына

У жніўні ня стала Ўлада “Капы” Старынскага – музыкі, які аб’яднаў у Гомелі аматараў незвычайнага духавога інструмента – дзіджэрыду. Дзякуючы сваёй энэргіі юнак здолеў хутка згуртаваць вакол сябе шмат таленавітых і крэатыўных маладзёнаў. Сумесна яны не толькі засвойвалі дзіўны інструмент, але і вучыліся обертонавым спевам.

Улад загінуў у аўтакатастрофе ў Арлоўскай вобласці Расіі 13 жніўня. Распачатая ім у горадзе над Сожам дзейнасць жыве дагэтуль. Вечная табе памяць, дружа!

Што прынясе нам 2016 год можна адсочваць наўпрост. Памятайце, культура паляпшае жыццё!

Теги: Гомель (66), культура (1), дайджест (1), (1)

Комментарии правила
Вход для авторов

Самое обсуждаемое

Новое в блогах