БНР і Гомельшчына

Внимание!
В данном посте высказано частное мнение автора, которое может не совпадать с мнением редакции.

25 сакавіка частка беларусаў адзначае як Дзень Волі. Менавіта ў гэты дзень у 1918 годзе беларусы ўпершыню заявілі на ўвесь свет аб існаванні ўласнай дзяржавы якая займела назву Беларускай Народнай Рэспублікі.

На сённяшні дзень гэтая знакавая дата не з'яўляецца дзяржаўным святам, але яе значэнне надзвычай актуальнае для ўсіх нас. Без абвешчання БНР не было б пазней створана ні ССРБ, ні ЛітБел ССР, як бальшавіцкіх праектаў беларускай савецкай дзяржаўнасці, ні БССР ды, магчыма, і сучаснай Рэспублікі Беларусь. Лёс быў неміласэрны да БНР - выстаяць ва ўмовах супрацьстаяння вялікіх дзяржаваў, што не прызнавалі самога факта яе існавання, маладая рэспубліка доўга не змагла. Але менавіта гэтая падзея - калыска нашае дзяржаўнасці і кожны беларус мусіць як найменьш шанаваць гэтую дату.

""

Шмат якім гомельцам гэтая падзея падаецца нязначнай яшчэ і з той нагоды, што асноўныя падзеі, звязаныя з існаваннем гэтага дзяржаўнага ўтварэння, разгортваліся не на тэрыторыі Гомельшчыны. Трэцюю ўстаўную грамату, у якой дэкларавалася незалежнасць, абвесцілі ў Мінску, там жа дзейнічала і Рада БНР - урад рэспублікі, які пазней быў эвакуяваны ў Вільню і Гародню. На жаль сёння мала хто з гамельчукоў уяўляе, што наш край знітаваны з лёсам першай беларускай дзяржавы значна больш, чым можна сабе ўявіць.

Вернемся ў 1917 год - Расейская імперыя ў выніку Лютаўская рэвалюцыі пераўтварылася ў рэспубліку і пазбавілася панавання дынастыі Раманавых. У хуткім часе на яе абшарах актывізавалі сваю дзейнасць нацыянальныя рухі, не абмінуў гэты працэс і беларускі край. Быў створаны і ўласны орган кіравання нацыянальным рухам - Вялікая Беларуская Рада, якая канкуравала з уплывам бальшавікоў і прасоўвала белаускія нацыянальныя інтарэсы.

Згуртаваўшы свае высілкі, самыя розныя беларускія арганізацыі і рухі здолелі правесці ў Мінску з 5-17 снежня Першы Ўсебеларускі кангрэс які і мусіў вызначыць далейшы лёс краю. Ён сабраў 1872 дэлегатаў з усіх этнічных беларускіх абшараў — ад Смаленшчыны да Беласточчыны. Удзельнічаў у ім у тым ліку і сябар гомельскай гарадской думы Іосіф Бабарыкін як прадстаўнік ад Рэчыцкага павета.

Мала хто сёння ведае, што зарганізаваць такую маштабную падзею дапамог ураджэнец вёскі Сяўкі Лоеўскага раёна Яўсей Канчар. Менавіта гэты палітычны дзеяч сумесна з расейскім эсэрам Васілём Селіванавым (працаваў пазней у гомельскім губкаме) здолелі дамагчыся на прыёме ў Іосіфа Сталіна - тагачаснага народнага камісара па справах нацыянальнасцей згоды і вялізарнай сумы ў 50 тыс. рублёў на правядзенне з'езда!

Заўчасна разагнаны бальшавікамі, ён аказаў вялікі ўплыў на тагачасных беларускіх нацыянальных дзеячоў. Пытанне аб уласнай дзяржаўнасці паўстала яшчэ больш відавочным. Яшчэ пад час працы з'езда, які праходзіў пад бел-чырвона-белымі сцягамі, прагучаў лозунг "Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка!".

Між іншым БНР, паводле Трэцяй устаўной граматы, "павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ, а ласьне: Магілеўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Гродненшчыны (з Гродняй, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежных часьцяў суседніх губэрняў, заселеных беларусамі". Варта ўлічваць, што на той момант Гомель знаходзіўся ў складзе Магілёўскай губерні.

Прыхільна да абвешчання беларускай дзяржаўнасці паставіўся вядомы беларускі гісторык, этнограф, фалькларыст і літаратуразнавец, ураджэнец Рэчыцы Мітрафан Доўнар-Запольскі. У першым нумары газеты "Белорусское Слово" ён выступіў з артыкулам, дзе побач з устаўнымі граматамі БНР і першымі пастановамі новага ўраду пісаў: "Лёсы кінутыя! Вялікі акт у жыцьці нашага народу зьдзейсьніўся: Беларусь абвешчана сваім часовым урадам незалежнай рэспублікай!".

""

Ён актыўна займаўся культурніцкай і грамадскай дзейнасцю сярод беларусаў, што з'ехалі ва Ўкраіну і Кіеў праз вайну. Неацэнны і яго ўдзел у працы дыпламатычнай місіі БНР, якая правяла паспяховыя перамовы з урадам УНР у красавіку 1918 г. Бакі дамовіліся аб павелічэнні гандлёвых і дзяржаўных сувязяў, у Кіеве былі створаныя "Беларуская Гандлёвая Палата" ды "Беларуска-Ўкраінскае Таварыства Збліжэння". Доўнар-Запольскі ўдзельнічаў і ў візіце да нямецкага пасла пры ўрадзе УНР спрабуючы пашырыць дыпламатычнае прызнанне маладой дзяржавы. Вядомы ён таксама і як аўтар брашуры "Асновы дзяржаўнасці Беларусі", якая была выдадзена ў 1919 годзе на пяці мовах - беларускай, нямецкай, французскай, польскай ды расейскай а таксама змяшчала мапу БНР.

Свае высілкі да ўмацавання БНР прыклаў і Язэп Няцецкі - дзеяч беларускага нацыянальнага і рэвалюцыйнага руху, кіраўнік Беларускай Сацыялістычнай Грамады і Беларускай бежанскай камісіі ў Гомелі, старшыня галоўнага выканкама Палескіх чыгунак. У чэрвені 1918 года ён быў прызначаны намеснікам Народнага сакратарыята БНР на Гомельшчыне і Палессі. Па звестках ён шмат пасадзейнічаў таму, што на тэрыторыі нашага краю не назіралася голаду, у параўнанні з суседнімі рэгіёнамі.

""

Сваё жыццё знітавала з развіццём беларускага нацыянальнага руху і БНР Палута Бадунова - ураджэнка Навабеліцы, аднаго з раёнаў сучаснага Гомеля. Па адукацыі яна была настаўніцай. Праз знаёмства на вышэйшых гісторыка-літаратурных курсах у Петраградзе з беларускімі нацыянальнымі дзеячамі яна далучылася Беларускай Сацыялістычнай Грамады і ўдзельнічала ў Першым Усебеларускім з'ездзе. Яна была адзінай жанчынай у выканаўчым органе БНР - Народным сакратарыяце (сакратар апекі). Пазней, як прадстаўнік Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў была пасаджаная палякамі ў турму. Пазней жыла ў Вільні і Празе. У Беларусь вярнулася толькі пасля бальшавіцкай амністыі (1923 г.) дзеячам беларускага руху ў 1925-м годзе. Значна падарваўшы сваё здароўе яна працавала ў Гомелі ў якасці настаўніцы да 1937-га года, калі яе закранулі масавыя рэпрэсіі. Палута Бадунова, палымяная патрыётка роднага краю была растраляная 29 лістапада 1938 года ў Менску.

Высілкі ўсіх гэтых дзеячоў, чые лёсы звязаныя з Гомельшчынай, не сталіся марнымі і сёння беларусы маюць сваю ўласную дзяржаву. Нашая краіна яшчэ маладая, у ёй трэба шмат чаго выпраўляць, штосьці наогул давядзецца ствараць наноў. Мы забыліся на нацыянальную сімволіку, недастаткова шануем свае традыцыі і родную мову, але я веру, што ў нас усё яшчэ наперадзе і ўсё яшчэ атрымаецца.

Жыве Беларусь! Жыве БНР! Са святам, беларусы!

Теги: Гомель (66), БНР (2), Бадунова (2)

Комментарии правила
Вход для авторов

Самое обсуждаемое

Новое в блогах